Я веру,
Што і ў кветак ёсць душа,
Якая адгукаецца,
Жывая,
Калі іх нехта ад дажджу хавае
Ці палівае ў спёку з гладыша.
Яна ўсё добра помніць,
Што было
I ў сумны прыцемак,
I ў дзень вясёлы,
Пакуль да сонца цягнецца сцябло
I палісаднік абмінаюць пчолы.
А потым,
Як лісты напоўніць сок
I фарбамі суквецце набрыняе,
Яна рванецца ўверх
Над каранямі,
Пылок з пялёсткаў стросшы на пясок.
I расцвіце,
I здзівіцца сама
Сваёй пяшчотна-яркай прыгажосці.
I да яе злятуцца пчолы ў госці,
I ўспырхне побач матылёў гурма…
I ўсё ж
Ёй будзе, пэўна, адзінока
I крыўдна,
I пакутліва,
Калі
Хаця б на міг
Яна не ўсцешыць вока
Таму,
Хто з гладыша яе паліў.
2000