Далёкіх часоў успаміны,
Твой воблік світае ў прасторы…
– Дзень добры, Францішак Скарына,
Памкненням светлым дзень добры!
Ты сэрцам прачулым і вешчым
Клікаў народ на сустрэчу
Са словам яго, чалавечым,
Якому суджана вечнасць.
Вайну абвясціўшы цемры,
Невуцтву
ў краі родным, –
Да ведаў ішоў ты цераз
Замежных дзяржаў вароты.
Хіліла да кнігі – прага,
Перад народам павіннасць.
З табой віталася – Прага,
Чырванабровая Вільня.
Гляджу
праз гады нябыту
Туды, дзе ты ўзважваў пралікі,
Карпеў, бакалаўр знакаміты,
Тварыў, доктар вялікі, –
Стаіш
ля раскрыленай кнігі,
Свае запаволіўшы рухі…
. . . . . . . . . . .
Сплываюць гады, як крыгі,
Нашчадак быліннай Нямігі, –
Чытаю твае першадрукі.
Крыніца: Жук К. Зямная ноша: Вершы і паэма. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 118 с.