Мы зімою самі
Змайстравалі сані.
Змайстравалі сані –
З хвацкімі насамі.
Змайстравалі сані –
Спеў пад палазамі!
Не дзянёк які, а тры
Увіхаліся майстры:
Вадзік ды Сяргейка,
Ромка ды Андрэйка,
Ну і я, Змітрок Вярбіла, –
Працы ўсім хапіла:
Як палоззе,
Гнулі спіны…
А Юрась?
Той сыпаў… кпіны.
Каб праехацца з гары –
Селі ў іх спярша
Майстры:
Вадзік ды Сяргейка,
Ромка ды Андрэйка,
Ну і я, Змітрок Вярбіла, –
Месца ўсім хапіла.
– Ты ж, Юрась,
З санак –
Злазь!