Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Мама слухала-слухала, як Ната і Светка сварацца за дзеда, і не вытрывала, паставіла прас.
– Хопіць мучыць дзеда! Калені вунь пааблузвалі. А то ў куток пастаўлю: адну – у гэты, другую – у той. Да самай «Калыханкі».
– А хай яна не лезе! Гэта мой дзед! – крычала Светка і ўскарабквалася на дзедава калена.
– Не, мой! – лезла на другое калена Ната.
Дзед збянтэжана і расчулена ўсміхаўся, гладзіў унучак па галоўках.
– Ты на гэтым калене сядзі, а ты – на гэтым, – сказаў ён.
– А Натка і так больш коўзалася па табе. На цэлы год больш і яшчэ на палавінку года.
– Ну дык што, калі яна старэйшая? Ёй жа таксама хочацца з дзедам пабыць. Гэта ж і яе дзед, а не толькі твой! – мама зноў пачала прасаваць бялізну.
– Злазь! – крычыць прарэзліва Светка і таўхае ў грудзі большую сястрычку, спіхвае з дзедавых калень. – Дзед будзе мой, толькі мой – год і яшчэ палавінку года! А тады ўжо будзе ўсіхны! Тады можаш лезці!
– У-у-у…– зацягнула з плачам бальшуха Ната.– Яна меншая, дык усё ёй ды ёй! І дзед адной ёй! А ў мяне нікога няма-а! – загаласіла яна.
– Як гэта няма? А я, а тата? А дзве бабулі? Другім разам прыедуць дзве бабулі. Як вы іх будзеце дзяліць? – спытала мама.
– Адна мне, адна Свеце! – сказала Ната.
– А мы і дзеда падзелім! Вось гэта нага будзе мая! – сказала Светка. – Дзядуля, якое імя ў гэтай нагі?
– Левая, унучка, левая.
– А мая – правая! – падгэцнулася на правай дзедавай назе Ната.
– А гэтая рука, што мяне абдымае, мая! – сказала Светка.
– А гэтая, што мяне па галоўцы гладзіць, – мая! – Ната ўлавіла дзедаву руку, зняла са сваёй галавы і пачала цалаваць то далонь, то кожны палец паасобку.
Тады Светка стала на дзедава калена і пацалавала ў шчаку.
– А гэтая шчочка мая! І гэтае вуха маё! І гэтае вока маё! І броўка! – цалавала Светка ўсё, што называла.
Тое самае зрабіла з праваю шчакою, правым вокам, вухам і брывом Ната.
– Ой, зацалуеце! Ой, пакіньце жывога! – смяяўся дзед ад іх казытлівых пацалункаў і сам цалаваў іх то адну, то другую.
– Дзеду, а чаму ў цябе адзін нос? – спытала Светка.
– А што, бываюць людзі з двума насамі? – спытаў дзед.
Ната зарагатала, а за ёю і Светка.
– З двума насамі не бывае! А як нам дзяліць адзін нос і адзін рот? – спытала Ната.
– А вы іх не дзяліце. Мне пакіньце. А то ўсё падзеліце, а што мне застанецца?
– Ну, добра, – згадзілася, падумаўшы, Светка.
– Не будзем, – сказала і Ната. – А валасы падзелім. Ой, дзядуля, колькі ў цябе яшчэ валасоў!
– А от і не многа, – не згадзілася з ёю Светка. – На самым вяршэчку няма. Дзед, праўда, добра, што на вяршэчку пуста? Гла-а-адзень-ка… – пагладзіла яна дзедаву лысіну.
– Дзіва што добра, – усміхнуўся дзед. – Расчэсваць не трэба. Дзяліце пароўну, кожны валасок лічыце, – сказаў ён сур’ёзна.
– А мы лічыць столькі не ўмеем! Мы да дзесяці ўсяго… Мы проста так падзелім… Во… дасюль – мае… – учапілася рукамі ў дзедавы валасы Ната і пацягнула да сябе.
– А-ай-я-я-я-яй! – заенчыў дзед.
– А з гэтага боку мае! – учапілася аберуч у дзедавы валасы і Светка.
– Аво-я-я-ё-ёй! – залямантаваў дзед яшчэ мацней.
Мама перастала прасаваць бялізну. Узяла фартух і пагрозліва страсянула ім.
– Перастанеце вы здзекавацца з дзеда ці не?! Марш па кутках!
А дзед у гэты час ссаджваў з калень Нату і Светку. Ссадзіў і пайшоў у калідор. Дзеці за ім. Дзед узяў паліто і сказаў:
– Паеду ад вас. У мяне ж яшчэ ўнукі ёсць – Сева і Міша. І яны мяне таксама любяць, але не дзеляць на кавалкі. Буду ім «усіхным» дзедам.
Дзяўчынкі знямелі ад такіх слоў. І раптам дружна зараўлі:
– А мы-ы-ы?! А нам без дзеда астава-ацца?!
Выйшла ў калідор і мама.
– А божа, што сёння за дзень такі… – Прысела каля дачушак, прыгарнула іх да сябе абедзвюма рукамі, зашаптала на вушкі: – Скажыце дзеду, што вы пажартавалі, добра? Што больш не будзеце дзяліць. Праўда ж, вы пажартавалі?
– Ага-а… – Светка падышла і абняла левую нагу дзеда, Ната – правую. А насамі шморгаюць, чмыхаюць.
– Ну, добра, ну, годзе ўжо плакаць. Я ўжо не сярдую… Я таксама пажартаваў… – не ведаў дзед, як іх суцешыць. Павесіў паліто на месца.
– Ой, а чаго ж мы топчамся тут! – нібыта спалохалася мама. – Там жа «Калыханка» пачынаецца!
Усе патупацелі ў пакой. Дзед сеў на мяккае крэсла перад тэлевізарам. Дзяўчынкі зноў залезлі на дзедавы калені – кожная на сваё.
Светка прылашчылася да дзеда, зашаптала:
– Дзеду! Пасля «Калыханкі» мама цябе не пагоніць адразу спаць? Ну і добра… Я цябе памыю нанач: левую шчочку, левае вуха, левую броўку… А нос увесь-увесь! Чысценька!
– Ну што ж, памый! – усміхнуўся дзед. Але Светка тут жа задумалася.
– Не-е, – сказала яна. – Нядобра рабіць работу напалавінку. Я цябе ўсяго памыю. І зубы табе пачышчу. У мяне, ведаеш, якая смачная паста, пахучая? У-у-у! Толькі ты не ўцякай, добра?
– Не буду, – дзед абдымае абедзвюх унучак.
Памірыліся…