Раіса Баравікова — Барбара Радзівіл

Раіса Баравікова

  У аснову твора ляглі летапісныя падзеі Вялікага княства Літоўскага, пераказаныя ў "Беларуска-літоўскіх летапісах", а таксама народныя паданні пра каханне Жыгімонта II Аўгуста і найпрыгажэйшай жанчыны сваёй эпохі Барбары Радзівіл. Варта звярнуць увагу на разыходжанне тагачаснай і цяперашняй ацэнак паводзін персанажаў.
  Летапісец расцэньвае каханне Жыгімонта як пажадлівасць, згубную страсць, і ў апісанні падзей відавочна асуджае будучага караля: "Потым кароль Аўгуст, пахаваўшы цела жонкі сваёй і, будучы чалавекам маладым, не мог стрымаць прыроджанае хцівасці да белых галоваў (да жанчын) і пачаў мілаваць паню Барбару Радзівіл, якая стала ўдавою пасля смерці пана Станіслава Ольбрахтавіча Гаштольта, ваяводы троцкага… І кароль пачаў хадзіць да Барбары па начах з палаца аж да яе дома і там, у яе, бываў часта. Пачулі пра тое на ўсёй зямлі Польскай і Літоўскай, і браты Барбары прасілі караля, каб так рабіць перастаў, і да сястры іхняе не хадзіў, і няславы дому іхняму не чыніў. Кароль абяцаў да яе не хадзіць і не хадзіў доўгі час, але потым моцы прыроджанае далей трываць не мог і зноў пайшоў да яе ўночы.
  А паны Радзівілы таго і пільнавалі. І калі кароль да сястры іхняе ўвайшоў, тут жа яны з’явіліся і мовілі яму: "Міласцівы каролю, абяцаў ты да сястры нашае не хадзіць, дык чаго ж ты цяпер прыйшоў?" І кароль ім адказаў: "А ці ведаеце, што, можа, цяперашні прыход мой да вашае сястры ўчыніць вам вялікую славу, гонар і пажытак". А яны сказалі: "Дай то Божа", і ў той жа час плябана прывялі, якога дзеля тае нагоды напагатове мелі, і аддалі патаемна сястру сваю за караля. А пра тое ніхто ані з паноў-рады — духоўных і свецкіх, — ані з двору каралеўскага не ведаў, толькі Радзівілы, Кезгайла ды плябан, што шлюб даваў. Кароль жа немалы час таіў, што шлюб з Барбараю ўзяў, а яна, як і раней, жыла пры матцы, у брата свайго".
  Неўхвала, з якой апісаны шлюб маладога караля, тлумачыцца палітычнымі прычынамі. Спадкаемца трона не мог браць за сябе няроўню, да таго ж бяздзетную жанчыну. Летапісец пералічвае незадаволеных гэтым шлюбам: стары кароль, каралева Бона Сфорца, каралеўскі двор, шляхціцы, удзельнікі сейму.
  Раіса Баравікова паказвае гэтую гісторыю ў святле рамантызацыі і меладраматызму. На першым плане — пачуцці закаханых, якія кідаюць выклік, свайму асяроддзю, свайму часу, неспрыяльным для ўзвышанага кахання.
  Вобразы Мікалая Радзівіла Рудога, Мікалая Радзівіла Чорнага, роднага і стрыечнага братоў Барбары, Людвіка Монці, сакратара каралевы Боны, злавеснага Чалавека ў шэрым, атручвальніка, драбнеюць у параўнанні з цэнтральнымі персанажамі. Палітычныя інтрыгі, прага ўлады, меркантылізм, — усё гэта адсоўваецца на другі план. Толькі вобраз каралевы Боны Сфорца, славутай італьянкі, уражвае сваёй веліччу і супярэчлівасцю. Яна стаіць перад выбарам: любоў да сына ці каралеўскі гонар, які абавязвае яе паўстаць супраць нявесткі.
  Пры гэтым вобраз Барбары далёкі ад ідэалізацыі. Мы бачым жанчыну, "якой салодка быць менавіта жанчынай: спакушаць, абяцаць і… ляцець на каханне". Кароткі раман з закаханым у Барбару мастаком Дамінікам — падсветка да гэтага вобразу. З гэткай жа лёгкасцю Барбара згаджаецца на прапанову братоў, якія імкнуцца выдаць яе замуж за Жыгімонта.
  Гэтыя дэталі надаюць твору рысы куртуазнасці, манернасці, выкшталцонасці і лёгкасці. Гэтыя рысы, дарэчы, былі ўласцівыя сярэднявечнаму рыцарскаму раману. У п’есе ёсць некалькі "алькоўных" сцэн, дзе закаханыя застаюцца сам-насам. Іншыя сцэны выпісаны без грубага натуралізму, здольныя расчуліць.
  Для развіцця інтрыгі патрэбны таксама сцэны, што не маюць непасрэднага дачынення да гісторыі кахання Барбары і Жыгімонта. Зразумела імкненне Раісы Баравіковай абставіць інтэр’ер раскошнымі, дарагімі рэчамі. Усё гэта робіць п’есу пераўвасобленай у відовішчны, "касцюмны" спектакль, падкрэслівае каларыт эпохі.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 3.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений