Рыгор Ігнаценка — Ягады пад снегам

Рыгор Ігнаценка

  Не раз прыкмячаў багатыя журавінавыя мясцінкі, каб потым, узімку, раскапаць снег і набраць ягад. Але колькі ні капаў, ягад не знаходзіў. Ці хто з вяскоўцаў раней трапляў на мой неруш, ці птушкі якія з’ядалі – не ведаю.
 Тады я інакш зрабіў. Назбіраў галінак і шчыльна заслаў імі багатую на журавіны лапінку. I чалавек не заўважыць, і птушка не падлезе.
 Зіма доўгая. Ягады, назапашаныя ўвосень, на капусту-шаткаванку скарысталі ды на кісель. Паступова перанесліся яблыкі з гарышча. Нават мёрзлыя і тыя падабраліся. У сярэдзіне зімы рэдка ў каго добры яблык знойдзеш.
 Прыйшоў час журавін. Рукзак за плечы, на лыжы – і на знаёмае балота.
 Вось і хвойка з меткай – пасмай сухога моху, прывязанага да ствала. Не спяшаючыся разграбаю снег. Дабіраюся да галінак, уздзіраю іх, і – о цуд! – перада мной рыжы мяккі машок, а на ім, нібы дарагія каралі, журавіны гараць. Асцярожна бяру ў пальцы. Яны халодныя, мёрзлыя. Кідаю ў цэлафанавы мяшэчак ягаду за ягадай – звіняць, як крышталікі. Не паспеў і паўмяшэчка набраць, як ужо і госця з’явілася – сойка. Села на вершалінку хвойкі, узбуджана закрычала: «А мне! А мне!» Жоўта-сінім агеньчыкам бліснула сінічка, скача, стараецца з-пад самых рук маіх журавінку выхапіць. Таксама, бач, кісленькага ёй захацелася. Потым даўгахвостая сарока прыляцела, затрашчала на ўсё балота: «Пак-кінь тр-ро-хі! Пак-кінь тр-ро-хі!»
 Так я і зрабіў. Няхай, думаю, і сойка ягаду-другую здзяўбе, і сінічка з сарокай паласуюцца. А можа, яшчэ хто з лясных насельнікаў на гэту прагалінку завітае ды журавінамі пачастуецца. Зімою свежая ягада даражэйшая за цукерку.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений