Балаты разлягліся абапал ракі,
і туман і дрыгва з прадвякоў у вякі.
Ні жыцця, ні шляхоў, ні людзям пекнаты.
Разлягліся абапал ракі балаты.
I адчайны, надрывісты цягнецца плач:
гэта кнігаўка жаліцца богу, няйнач.
Багна стогне надрыўна, а слёзы цякуць
і адна па адной – у ручай, у раку.
А над гэтым усім непрыгляддзем балот
з похваў выкінуў шаблі напорны чарот.
Як на варту усталі кіёўкі наўкол,
але сонцаў прамень
і ля варты прайшоў.
1922
Крыніца: Душа мая тужлівая… : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).