Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Прыехаў дзед Зміцер з гасцей. Прывёз бабе Анюце ад унукаў гасцінец – ладную вязку абаранкаў.
– Смачна пахнуць ды надта цвёрдыя, – смяецца бабуля, – баюся зубы паламаць.
– З малаком не паломіш, – кажа дзед.
– А дзе ж яго ўзяць?
– Як дзе?! У Кветкі. Няхай падзеліцца з намі Белалобік.
Кветка – гэта карова. Белалобік – яе сынок. ён з’явіўся на свет нядаўна, можа, месяц назад. Ногі – быццам кіёчкі, вушы – як лапушкі, сам увесь чырвоны, а на лбе – лысінка. Вось і Белалобік. А што ўжо гарэза, дык другога такога трэба яшчэ пашукаць. Як стане гарцаваць па хляве – любы танцор пазайздросціць. Паклічаш яго: «Быська мой, бысенька», – бычок тут як тут. Працягнеш руку, каб пагладзіць, а ён за пальцы мокраю пыскаю хап і смокча іх, як цукерку.
– А калі скакунок пакрыўдзіцца? – пытаецца бабуля. – Ды як затрубіць у сваю дуду…
– Няхай пайграе, – адмахнуўся дзед, – рогі вастрэйшыя будуць.
– Вось нявыкрутка дык нявыкрутка, – забедавала гаспадыня хаты, – не частаваць жа мышэй абаранкамі…
– Пачастуй, пачастуй, – пасміхваецца ў вусы дзед Зміцер, – а сабе дзірку ад абаранкаў пакінь.
Хочаш не хочаш – трэба выпраўляцца па малако. Надзела баба Анюта ватоўку, завязала цёплую хустку. Узяла ў рукі даёнку, а яна як зазвініць на ўсю хату. Рыжык на печы мігам прачнуўся – скок на падлогу. Трэцца аб бабуліны ногі, задаволена мурлыкае.
– Рана вусы натапырыў, – пачала ўшчуваць пестуна баба Анюта, – хіба не ведаеш, што ў нас над малаком начальнік дваста бадаста, чатырыста хадаста, два ўхтары, адзін махтар…
– Хто-хто? – аж перапытаў я ад здзіўлення.
– Дваста бадаста, чатырыста хадаста, два ўхтары, адзін махтар, – пераказала гаспадыня начальнікава імя і строга дадала: – Адгадаеце загадку – пакаштуеце малачка.
Толькі баба Анюта за парог – Рыжык шусь да мяне на калені і завуркатаў ад страху:
– Памр-р-ру-у… памр-р-ру-у…
– Не бойся, не памрэш, будзе табе малако, – суцяшаю я сябрука, а сам ніяк не магу даўмецца, што за страшыдла такое – дваста бадаста, чатырыста хадаста? Можа, дзед падкажа адгадку?
А дзед Зміцер таксама хіцер: моршчыць лоб, чухае патыліцу, рукамі разводзіць:
– I рад падказаць ды баюся махтара!
– А ўбачыць начальніка можна? – пытаюся ў дзеда.
– Чаму ж не? – адказвае ён, пасмейваючыся з мяне і Рыжыка. – Бяжыце барзджэй на вуліцу, калі хочаце зарабіць па кубку малака.
Выскачылі мы з хаты. Спыніўся я на ганку, азіраюся… Нікога не бачу. А Рыжык хвост трубою і паджгаў да хлява. Я – за ім.
I што вы думаеце? Мігам адгадалі бабуліну загадку. Я нават пагладзіў начальнікавы ўхтары. ён не пакрыўдзіўся. I Белалобік не пакрыўдзіўся – ахвотна падзяліўся з намі сырадоем.
Потым баба Анюта, дзед Зміцер, кот Рыжык і я сядзелі ў хаце, елі абаранкі, запівалі іх малаком. Малако было цёплае, пахучае і смачнае-смачнае – не адарвацца ад кубка. Заходзьце ў госці, і вы пакаштуеце, калі адгадалі бабуліну загадку.