Якуб Колас – У старых дубах

Якуб Колас

Увага! Поўны змест

  Цэлы гай старасвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмана.
 Такіх дубоў цяпер рэдка дзе ўбачыш. Іх не чапіла рука людская, толькі доўгія часы палажылі свой след — пячаць глыбокай старасці. I многа ўсякіх змен часу бачылі гэтыя нямыя сведкі прошласці! Жыццё многіх людскіх пакаленняў прайшло перад імі і праходзіць, бы тыя хвалі Нёмана, што пакручастым змеем абвівае тут іх сялібу, высокі, роўны груд, а яны ўсё стаяць, спакойныя, важныя, і жывуць сваім асобным жыццём. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а яны спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Зваленыя ж на дол тоўстыя камлі з абсмаленымі знізу жараламі іх таварышаў напаміналі жывым аб апошняй іх долі.
 У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Скошаны луг і паскладаныя курганамі стагі, парыжэлыя ад дажджоў і сонца, ужо гаварылі аб гэтым паміранні. Буслы збіраліся ў чароды і доўга стаялі на грудах або ляніва аглядалі лагчыны. Але было прыметна, што не на пажытак пазбіраліся яны сюды, а для нейкай іншай справы. Пастаяўшы, павольна, адзін за адным, уздымаліся яны ўгару, кружыліся там, і кожны круг падымаў іх усё вышэй і вышэй. Там яны спляталіся ў адну фігуру, у адзін шырокі круг і, не махаючы крыллямі, плаўна і згодна, як па камандзе, насіліся ў неаглядным прасторы сініх нябёсаў… Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы ніводным лістам, і купалі ў сонцы свае адвечныя лапы.
 На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі. Там і сям сядзелі пастушкі. У кожным іх гуртку былі свае інтарэсы, свае забаўкі і гутаркі. Сонца даўно ўжо звярнула з поўдня, але свяціла яшчэ горача. У паветры было ціха, толькі звон летнікоў зліваўся ў адну доўгую-доўгую аднатонную песню, і здавалася, прырода была закалыхана гэтым крыху сумным звонам. Маленькія камарыкі-таўкунчыкі кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку.
 — Чаго яны таўкуцца тут? — спытаў Грышка свайго таварыша Базыля і махнуў рукою па кучцы камарыкаў.
 — Гуляюць, — кажа Базыль. — Ты думаеш, ім не хочацца пагуляць? Цяпер іх час, і гуляюць.
 Базыль і Грышка — найлепшыя дружакі. Даўно ўжо цягнецца іх дружба — як запамятаюць. Дзве зімы ў школе сядзелі на адной лаўцы і трэцяе лета пасуць разам кароўкі.
 Калі катораму маці дасць у торбачку сала, то гэтае сала разразалі папалам і пяклі яго на ражончыках. А смачнае сала, спечанае над агнём у полі! Прыгнаўшы з раніцы, хадзілі разам лавіць рыбу і купацца.
 I ні з кім яны не злучаліся і, апроч свае кампаніі, другой не хацелі. Раз толькі сварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства — за ножык-цыганчык, якому ўся цана — тры грошы. I толькі ў злосці назваў Грышка Базыля насалём — у Базыля быў даўгаваты нос, а Базыль Грышку абазваў рабэйзаю.
 Але рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся, пасля чаго Базыль, водзячы пальцамі па носе, гаварыў:
 — Здаецца, мой нос, Грышка, не такі ўжо вялікі?
 — Твой нос — мерны нос. Вось я дык праўда рабы!
 Гаворачы так, Грышка хацеў учуць пацверджанне Базыля, што ён не такі ўжо рабы, бо сам Грышка не лічыў сябе рабым.
 — Што тваё за рабацінне! — казаў Базыль.— Зімою зусім не знаць, а цяпер проста сонца трошкі асмаліла твар.
 I хлопцы зноў былі дружакамі і пачыналі гульню або гаворку аб чым-небудзь. Гаворка ў іх бадай ніколі не зводзілася, а вакол было так многа ўсяго, што давала ім страву для гутарак… Палягуць часамі хлопцы пад дубам. Грышка ляжа на спіну і колькі хвілін моўчкі ўглядаецца на дуб, пад якім яны ляжаць.
 — Як ты думаеш, Базыль: ці ёсць на свеце такі чалавек, які панёс бы гэты дуб?
 Базыль акідаў вокам дуб і, крыху падумаўшы, казаў:
 — А пэўна ёсць.
 I тут жа расказваў свайму сябру здарэнне з якім-небудзь асілкам. Так, адзін селянін (Базыль нават назваў яго прозвішча) паехаў красці хвою ў княжацкі лес. Ссек ён такую тоўстую хвою, што і два чалавекі не абнялі б яе. Узваліў на воз і паганяе каня. Конь — ані з месца! А якраз насунуўся ляснік. «Стой жа, — думае ён, — нідзе ты не дзенешся: не ўцячэш з гэтай хвояй», і сам пазірае, што будзе далей. Чалавек гэты, нічога не гаворачы, выпраг каня, прывязаў яго да канца калоды і, сказаўшы «няхай жа будзе брыдка каню», узяўся за аглоблі і пацягнуў калоду. Ляснік толькі галавою пакруціў — і слова не сказаў селяніну.
 — Вось каб мы былі такія дужыя, усіх бы зарэчанцаў пабілі! — уздыхнуўшы, гаварыў Грышка.
 — Вось дзіва! Што ж іх тады біць: дзьмухнуў бы, і ўсе б пакідаліся.
 — А ці праўда, што наш Нічыпар Шулай дужаўся з чортам? — запытаўся зноў Грышка.
 — Няўжо ж не: у яго самога чортава рабро — яго ніхто не пакоціць.
 — Ну, ніхто! А калі ў каго два рабры?
 — Ведама, паборае той, у каго два… Але, мусіць, той, хто мае чортава рабро, пойдзе ў пекла, — памаўчаўшы, зноў сказаў Базыль.
 — Чаму ў пекла? Ён жа родзіцца з гэтым рабром.
 Базыль на гэта нічога не адказаў і задумаўся.
 — А каб табе, Базыль, сказалі: «Памірай цяперака і ты пойдзеш у рай». Ці згадзіўся б ты паміраць?
 — Не! —адказаў ён.
 — Чаму?
 — Мне было б там маркотна аднаму; а тут усе: бацькі, хлопцы, ты. Каб з усімі, то пайшоў бы.
 — А як памрэ чалавек, што з ім робіцца? — як бы сябе самога спытаў Грышка.
 — Што ж? Душа выходзіць. Прыйдзе смерць — і памрэш. Зяхнеш разоў два—і няма!.. Я бачыў, як паміраў мой дзед Гаронім. У хаце мы былі адны з дзядзькам. Як дзед сканаў, дык дзядзька адчыніў комін.
 — Навошта? — спытаў Грышка.
 — Каб душа выходзіла… I страшна, брат, страшна стала!
 — Я ў хаце не ўседзеў бы! — страпянуўшыся, сказаў Грышка і потым дадаў: — Вось каб яе перуны, гэтую смерць! Каб злавіў дзе, халеру, ды спаліў. Тады людзі жылі б і жылі.
 — Калі ж бо для яе няма смерці.
 — У смерці няма смерці.
 Сказаўшы гэта, Грышка ўглыбіўся ў думкі.
 — Што ж, брат, каб гэту смерць узяла другая смерць, дык зноў бы смерць засталася. Ніяк, брат, ад яе не выкіруешся.
 — А што. Грышка, калі я памру і па смерці буду прыходзіць да цябе, ці будзеш ты баяцца?
 — Кіньма гаварыць! Чорт яе бяры з смерцю, — сказаў Грышка, падняўся, азірнуўся і пачаў свістаць, каб адагнаць паганыя думкі.
 Хлопцы сціхлі і задумаліся.
 Было тут, у дубах, адно месца, дзе Базыль любіў сядзець, назіраць і думаць.
 Там над абрывістым берагам Нёмана стаяў стары, прысадзісты, таўсты дуб. Ад доўгіх часаў бераг падмываўся вадою, паволі асоўваўся і агаляў тоўстыя карэнні старога дуба. Сам гэты дуб крыху пахіліўся набок, як падгуляўшы гаспадар, а аголены і працягнуты над вадою яго корань здаваўся нагою, і выходзіла здалёк так, што дуб збіраўся перабрысці Нёман. Сеўшы на гэтым корані, Базыль пазіраў, як бегалі дробныя хвалі, як звівалася ў вадзе доўгая раска: вада то ўздымала яе, то апускала, то раскідала ва ўсе бакі і гуляла ёю, як вецер дымам.
 Каля самага берага стаяў у вадзе голы лазовы ражон. Ён тое і рабіў, што борздзенька ківаўся пад напорам вады. I ніколі не меў спачыну гэты ражон: і ўдзень і ўночы ківаўся ён. Хіба, можа, зімою, як марозы скуюць лёдам ваду, адпачыне гэты пахіпак-ражон.
 Базыль пазіраў і думаў. А вакол было ціха. I Базылю здавалася, што ён чуе спевы гэтай цішыні. Доўга ён прыслухоўваўся, але спевы былі нейкія невясёлыя, і яму стала маркотна: усё ішло, здавалася яму, сваёю дарогаю і жыло сваім жыццём, сярод якога ён пачуў сябе чужым.
 А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Пабегаўшы па беразе яшчэ колькі часу, Грышка пайшоў шукаць Базыля. Углыбіўшыся ў свае думкі, Базыль нічога не заўважаў і сядзеў усё на тым жа дубовым корані. Звесіўшы ногі над вадою, пазіраў ён уніз, як цёк Нёман. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Аб чым жа думаў хлопчык? Відаць, аб чымсьці важным і сур’ёзным, бо губы яго былі шчыльна самкнуты, а вочы пазіралі кудысьці ўглыб. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. I без усякай злой мыслі раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц:
 — Га-а!
 Знячэўку Базыль так перапалохаўся, што ўвесь задрыжаў і падскочыў. Спужаўшыся, ён не мог ужо ўтрымацца і ссунуўся ўніз. На момант, зачапіўшыся лапцем за дубовы корань, павіс уніз галавою над гладдзю вады, а потым шугнуў… і прапаў з вачэй. Нёман злёгку здрыгануўся, вада расступілася і дала няшчаснаму хлопчыку месца ў халодных сваіх нетрах, ды колькі кругоў пабегла па вадзе ва ўсе бакі. Разы два ці тры паказалася яго галава; рука нязграбна і сударгава лавіла паветра; зрабіўшы паўкруг і захлёбваючыся, ён прапаў назусім…
 Грышка не ведаў, што так можа скончыцца яго дурасць, і падняў прарэзлівы крык і лямант:
 — Ратуйце! Утапі-іўся! Гвалт, людзі, ратуйце!
 Другія пастушкі збегліся на крык і далучылі свой лямант. Рыбак падбег першы. Скінуўшы адзежу, адважна рынуўся ён у ваду.
 Збегліся людзі.
 Заламаўшы рукі, маці разрываючым душу крыкам галасіла і прычытвала. Як непрытомная, кідалася яна ў ваду, яе трымалі мужчыны…
 Сонца гэтак жа сама пазірала на гэтую з’яву; гэтак жа сама было ціха ў прыродзе, і ўсё жыло сваім жыццём. Старыя дубы стаялі спакойна, важна, як і заўсёды. Толькі галкі, спуджаныя людскім крыкам, пазляталі з дубоў ды сіваваронкі з сярдзітым карканнем кружыліся над дуплістымі дзеравякамі, як бы злуючы на тое, што патрывожылі без усякай прычыны іх прывольны спакой, і ззялі на сонцы сваім зялёным пер’ем.
 Базыля выцягнулі і адратавалі, але пасля такога здарэння ён стаў ціхім і яшчэ больш задуменным.

1912

 

 

Адказы на пытанні:

 1. Апавяданне Якуба Коласа «У старых дубах» пакідае моцнае ўражанне, бо напачатку быў расказ пра двух сяброў, а ў фінале – нечаканая развязка, якую цяжка было прадказаць. Нельга жартаваць такім чынам з сябрамі.
 2. Базыль быў хлопцам добрым, задумлівым, крыху з філасофскім складам розуму, добры апавядальнік, фантазёр:
 "Было ў дубах месца, дзе Базыль любіў сядзець, назіраць і думаць…."
 "А вакол было ціха, і Базылю здавалася, што ён чуе спевы гэтай цішыні. Доўга ён прыслухоўваўся, але спевы былі нейкія невясёлыя, і яму стала маркотна. Усё ішло, здавалася яму, сваёю дарогай і жыло сваім жыццём."
 Грышка быў наадварот: больш бойкім, хуткім, простым, марыў быць моцным. Ён не быў схільны да задуменнасці, больш рэаліст і практык. Напрыклад, пакуль Базыль быў засяроджаны на сабе, Грышка: "Бегаў каля ракі". Марыў пабіць зарэчанцаў, быў здольны на імпульсіўныя ўчынкі, адзін з якіх ледзь не каштаваў жыцця яго сябру.
 3. Пра такіх кажуць – супрацьлегласці сыходзяцца. Яны быццам бы дапаўнялі адзін аднаго. Яны разам вучыліся, разам пасвілі каровы, дзяліліся салам, прыдумвалі разнастайныя гісторыі. У хлапчукоў роднасныя душы: яны любяць прыроду, умеюць бачыць прыгожае і таямнічае ў простым і звычайным.
 4. Неабачлівыя паводзіны выкліканы імпульсіўным характарам Грышкі, а таксама яго жаданнем паблазнаваць, пагуляць з сябрам, глупствам. Ён паступіў нядобра, але зрабіў гэта не са зла. Пасля такога выпаду, лічу, што ён такога не зробіць.
 5. Аўтар апісвае Нёман, быццам бы ён жывы і ўсё адчувае. Аўтар дабіваецца гэтага з дапамогай сродкаў мастацкай выразнасці, напрыклад, метафарамі: "Нёман злёгку здрыгануўся, вада расступілася і дала нясчаснаму хлопчыку месца ў халодных сваіх нетрах…"Аўтар параўноўвае дуб ля Нёмана з чалавекам, які збіраецца перайсці раку ў брод. Эпітэіты выкарыстоўваюцца ў апісанні лазы.
 Каляровая палітра карціны У. Сулкоўскага "Высокі бераг" – блакітна-шэрая з жоўтымі акцэнтамі. Вобраз Нёмана, як у творы, так і на карціне – аўтары адлюстроўваюць халодны спакой у наваколлі. Адрозненні ў тым, што Я. Колас акцэнтуе ўвагу не толькі на Нёмане, але і навакольнай прыродзе, асабліва дубах, а аўтар карціны засяроджаны толькі на вялікай рэчцы.
 6. Прырода паўстае ў апавяданні надзвычай прыгожай, яна быццам адпавядае ўнутранаму свету хлопчыкаў, аказвае ўплыў на фарміраванне іх характараў. У наваколлі пануе спакой і сцішанасць. Быццам бы падкрэсліваючы, што ўсё ў прыродзе і жыцці ідзе сваёй чаргой, якія б недарэчнасці не здараліся.

Сказать спасибо
( 18 оценок, среднее 2.28 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений