Кожнаму вялікаму мастаку ўласціва ўсведамленне сваёй значнасці і ролі ў фарміраванні духоўнасці народа. Усведамляючы значнасць сваёй дзейнасці і таго, што напісанае застанецца, Ф. Скарына тройчы змясціў свой партрэт у Бібліі… Свой уклад у духоўнае адраджэнне нацыі Янка Купала вызначыў так:
Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,
Цяпер беларускай я песні ўладар.
Тэма паэта і паэзіі, тэма прызначэння мастака ў грамадстве скразная ў творчасці Янкі Купалы. Адным з першых вершаў на гэтую тэму «Я не паэта», змест якога вонкава супярэчыць самой назве, Купала сцвярджае думку, што ў кожнай нацыі павінны быць песняры і прарокі. Такім прарокам наканавана быць яму — Янку Купалу.
Парадаксальнасць назвы і вонкавая яе супярэчнасць зместу верша толькі ўзмацняе Купалава сцверджанне і ўсведамленне ім сваёй значнасці як творцы і прарока, бо ён валодае самым галоўным для такой ролі:
Долю каб бачыў у родным народзе,
A быў бы шчаслівы Янка Купала.
Думка пра адзінства лёсаў песняра і народа гучыць лейтматывам ва ўсіх яго вершах на гэтую тэму, большасць з якіх напісана ў форме лірычнага маналога-споведзі. Аднак памылкова было б усведамляць вершы паэта як яго самахарактарыстыку ці самааналіз. Гэтымі вершамі паэт адказвае не на пытанне, які ён, а на пытанне — якім павінен быць творца, у чым прызначэнне мастацтва, якая яго роля ў фарміраванні духоўнасці нацыі. A лірычнае і нават канкрэтнае, як паўтор-эпіфара Янка Купала, — гэта мастацкі прыём выяўлення філасофскай думкі паэта. Яго вершы на тэму прызначэння мастацтва — праграмныя для кожнага паэта і творцы наогул. Паэт павінен плаціць народу бязмежнай любоўю; калі народ у рабстве — зваць «з путаў на свабоду», зваць «з цемры да святла»; складаць «гімн пабедны сярод крыжоў, магіл»; калі ж народ у радасці — радавацца і весяліцца з ім разам.
Настойлівасць, з якой паэт сцвярджае сваё галоўнае творчае крэда, у вершы «Я не для вас…» узмацняецца анафарай і эпіфарай
Я не для вас, паны, о не!
Кожная страфа пачынаецца і заканчваецца гэтымі гнеўнымі і аблічальнымі словамі. Усім творам паэт быццам дае водпаведзь грознаму князю з паэмы «Курган», які паставіў гусляра перад выбарам:
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў!
Не пад мысль будзе песня каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату!
«Адповедзь» — так і называецца адзін з яго вершаў. Назва яго абумовіла — і змест, і форму: гэта водпаведзь панам і ўсім «ворагам беларушчыны», якія б хацелі купіць дар песняра:
Буду пець не за славу, праз вас абяцаную;
Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.
Буду пець, бо люблю сваю песню загнаную;
Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы.
Філасофскай думкай, што створанае паэтам толькі тады сіла, калі яно здольна ўздзейнічаць на народ, змяніць яго лес да лепшага, прасякнуты верш «Мая малітва»:
Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Творчасць мастака, сцвярджае паэт, павінна быць дзейснаю, павінна быць сілаю, ад якой «вораг-мучыцель дрыжыць», а —
Быць вольным хай родзяцца думкі ў нявольніка,
Хай быць чалавекам захоча брат мой.
Самай вялікай марай паэта была мара пра волю для свайго народа. Бясспрэчнай і па сённяшні дзень з’яўляецца думка паэта, што гэта магчыма толькі пры ўмове, калі беларусы захочуць «людзьмі звацца», калі «быць чалавекам захоча» кожны, бо няволя і нясіла — гэта найперш стан душы, як «пашана да пакут» — стан душы раба.
Многія творы Янкі Купалы на тэму паэта і паэзіі напісаны ў форме звароту да калег-песняроў. Яны — наказ і запавет творцам.
Верш «Песняру-беларусу» і пачынаецца з праблемнага пытання:
Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песняру?
Адказ на пытанне — у многіх вершах паэта. І ўсё ж, бадай, самым вызначальным у гэтым плане з’яўляецца верш «Прарок». У самой назве — адказ. Прарокам для свайго народа павінен быць пясняр.
Прарокам, бо дар, якім ён валодае, адкрывае яму такія далягляды, што другімі не бачацца, дазваляе разумець тое, чаго іншыя не разумеюць. Прарок, як сцвярджае і У. Някляеў паэмай «Прошча», павінен папярэдзіць усіх, «дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах».
Біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы «Прарок» відавочныя: і на ўзроўні вобраза, і на ўзроўні філасофскай думкі. Верш эпічны, у аснове сюжэта яго — вандроўка прарока:
Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям.
Многіх на сваім шляху ён навучыў, многіх папярэдзіў, многім дапамог і дасяг зямлі, дзе «царства цемры панавала»:
Народ змарнеўшы таго краю
Свайго нот імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на свеце і канаў.
Прарок — пасол святла — «прарочым голасам сваім» паклікаў людзей за сабой:
«Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон…
…За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
і знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўду не аддам».
Найбольшага напружання сюжэт дасягае ў самым канцы.
Апошнія радкі, што ўяўляюць сабой адказ, якога прарок чакаў «з трывогаю вялікай», — адначасова і развязка:
— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Біблейская думка пра тое, што «няма прарокаў у сваёй Айчыне», узмацняецца Купалавай трывогай за свой народ, яго будучыню.
І ўсё-такі прарок, як даводзіць паэт ва ўсіх сваіх вершах, не павінен адчайвацца, нават калі пачуе і такі адказ. Уся паэзія Купалы быццам доказ закону вечнасці, што жыццё чалавека (і прарока таксама!) — гэта бясконцы ланцуг спробаў, і перамога вызначаецца выніковасцю хаця б адной з мноства няўдалых. Калі ўдалай акажацца хоць адна спроба — ёсць сэнс здзяйсняць іх зноў і зноў. Зноў і зноў прарок Купала робіць спробу і стукаецца ў сэрцы беларусаў, у якіх верыць («ў народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе»), Верыць, што прачнуцца: «До спаць! Паўстаньце грамадою…» Веру гэтую, як і запавет служыць толькі народу, дакляраваў ён песняру-беларусу:
Глядзі — ўскалышацца, прачпецца
Мільённы прыспаны народ,
і вокліч славы пранясецца,
Пяснярскай славы з роду ў род.
Вера песняра грунтуецца на вечнай ісціне, што калі сееш, то і жаць будзеш. У вершы, прысвечаным «песняру Альберту Паўловічу», выяўленню гэтай думкі спрыяе фальклорная асацыяцыя:
Чым сяўцоў болей — пасеюць болей,
Болей узойдзе, болей пажнуць,
Чым пяўцоў болей долі-нядолі —
Болей просвету ў душу ўнясуць.
У творчасці Купалы ёсць нямала вершаў, у якіх ён дае адказ і на пытанне, якой жа павінна быць паэзія, якім павінна быць слова прарока, каб унесці «болей прасвету» ў душы людскія, каб у адказ на заклік прарока не спыталіся, колькі чырвонцаў ён дасць ім, калі пойдуць за ім.
«Песню стварыці ясну, як неба», на думку паэта, можна толькі тады, кал і пясняр здолее «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця!». Гэтыя Купалавы словы сталі крылатымі, сталі дэвізам кожнага творцы, які марыць дасягнуць вяршыні — быць не па званні, а па сутнасці сваёй народным. Праз выяўленне самага жаданага, запаветнага («гэткай шукаю цэлы век чэсці, гэта адно мне падпорай жыцця») паэт сказаў пра агульначалавечае і вызначальнае ў творчасці кожнага паэта.
Вельмі спрошчана і нават прымітыўна было б усведамляць верш «Мая навука» як жыццяпіс Купалы, зроблены ім самім. Ужо самы першы радок верша: «Мне мудрасці кніжнай не дaў Бог пазнаці» — мастацкі вобраз для сцвярджэння Купалавай мудрасці. Што да «мудрасці кніжнай», то і яе Купала пазнаў, як мала хто іншы, пазнаў наперакор усяму. Нагадаем, што пецярбургскі перыяд яго творчасці, магчыма, яшчэ і таму самы плённы і дасканалы ў мастацкіх адносінах, што якраз у гэты перыяд жыцця Купала і спрычыніўся да «мудрасці кніжнай» і зведаў «раскошу» пазнання, якой сапраўды быў пазбаўлены ў дзяцінстве. Ды і наогул, у нашай літаратуры няшмат песняроў такога высокага інтэлектуальнага ўзроўню, як Купала.
Верш «Мая навука» — навука для ўсіх, хто марыць «з цэлым народам гутарку весці» — быць народным. Гэта «школа» сакрэтаў, пісьменніцкая «майстэрня». У гэтым вершы Купала шчодра дзеліцца з усімі сваёй мудрасцю і адказвае на пытанне, што яшчэ акрамя дару (дар, як вядома, ніякаму вытлумачэнню не паддаецца) неабходна песняру, каб яго слова «болей прасвету ў душу» ўнясло. Сіла песняра, сцвярджае паэт, у любові да народа, у веданні яго жыцця і найперш — яго мовы, матчынай мовы: «наўчыўся я слоў беларускіх ад маці». А «дум беларускіх» спасцігнуць ні ў якой школе і ні ў якой «мудрасці кніжнай» немагчыма — «настаўнікам быў беларускі абшар», «душу акрылялі прыгожасці свету…». Што ні радок, што ні слова, то вобраз!
Валадаром беларускай песні, на думку Купалы, можа стаць толькі той творца, які ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай творчасці і натхнення для народнага паэта з’яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, неруш матчынай мовы, прырода.
Яшчэ ў пачатку сваёй творчасці Купала вызначыўся ў сваім выбары — служыць толькі народу. У вершы «Слугам алтарным» ён пісаў:
Я аддаю сваю душу
Свайму няшчаснаму народу!
Верш «За ўсё», напісаны ў 1925 г. з нагоды прысваення Купалу звання народнага паэта, можна параўнаць з пушкінскім «Помнікам» і па сіле ўздзеяння і па глыбіні ўсведамлення сваёй ролі ў нацыянальнай культуры. Вялікае назначэнне ў вершы такіх лексічных сродкаў, як антонімы: («зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла», «складаў я гімн пабедны сярод крыжоў, магіл»), Кантрасныя вобразы выяўляюць Купалава ўсведамленне ролі паэта ў вечнай барацьбе святла з цемрай, дабра са злом, у тым, каб здзейснілася выказаная ім у вершы «Маладая Беларусь» мара і Беларусь заняла «свой пачэсны пасад між народамі».