Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Шаўка не адразу пазнала Вову і Наташу. Як і яе ўласныя сыны, дзеці за год таксама выраслі і змяніліся: зрабіліся высокія і худыя. Шаўка не накінулася на дзяцей з брэхам, як гэта звычайна робяць нявыхаваныя сабакі, не загырчэла на іх, нават вушы не навастрыла.
Шаўка прыветліва замахала хвастом і пачала прынюхвацца, стараючыся прыпомніць, калі і дзе чула яна гэтыя зараз амаль не знаёмыя ёй пахі, якія ішлі ад новых дзіцячых сандаляў. Потым, ласкава ўсміхнуўшыся Вову і Наташы разумнымі жаўтаватымі вачыма, яна няспешна патрухала паперадзе. Яе прыветлівае маханне хвастом і выраз твару нібы гаварылі: «Пакуль я яшчэ не ўспомніла, хто вы, але гэта нічога. Я бачу, што вы неблагія дзеці. Асабліва ты, маленькі гарэза з вясёлымі карымі вачанятамі… Ты, відаць, гэтакі ж свавольнік, як і мае сыны…»
I, каб паказаць свае добрыя адносіны да маленькага госця, Шаўка лізнула гарачым шурпатым языком Воваву руку.
— Ай! — у захапленні віскнуў Вова і абхапіў Шаўку за галаву.
— Ай! — следам за ім віскнула і Наташа, але ўжо са страху, што Шаўка ўкусіць яе брата.
Шаўка з дакорам зірнула на Наташу і асцярожна дакранулася хвастом да яе сукенкі, быццам папракнула: «А ты вось хоць і вялікая, а ўсё роўна — дзяўчынка. Напалохалася — а чаго?»
Стараючыся па-ранейшаму быць прыветнай і гасціннай, Шаўка бегла на крок спераду, віляючы хвастом і ўвесь час азіраючыся на гасцей.
На ганку, пад старым крэслам, спаў, скруціўшыся ў клубок, на падсцілцы адзін з Шаўчыных сыноў — шэры шчанючок з чорнымі падпалінамі на баках. Ён ці то не прачнуўся, ці то не звярнуў увагі на прыезд новых гасцей, толькі як ляжаў, так і застаўся ляжаць.
Разумеючы, як гэта нядобра і няветліва, і, мабыць, адчуваючы сябе няёмка, Шаўка падышла да сына, лёгенька нацягнула яго зубамі за вуха і сказала толькі — коратка і злосна:
— Гыр!
Шчанючок ускочыў і, сналохана азіраючыся вакол, зашыўся далей у кут за крэсла.
— Цюлік! — у адзін голас закрычалі дзеці. — Які ён зрабіўся вялікі і худы!
— Цюлік, а хто ж яшчэ, — сказаў вартаўнік дзядзька Іван. — Вырасці-то вырас, а розуму не набраўся. — У голасе вартаўніка прагучала шчырае спачуванне.
Нібы зразумеўшы дзядзьку Івана, Шаўка сумотна апусціла галаву і пяшчотна лізнула Цюліка ў нос.
— Ці паверыце, такі палахлівы ўрадзіўся, што проста глядзець на яго шкада. Уяўляеце, пеўня баіцца. Певень яго зусім забівае. У нас там у двары такі генерал са шпорамі пахаджае… Жарабяці баіцца — тое яго аднойчы так убрыкнула, што небарака адляцеў, быццам мячык. Родныя браты і тыя крыўдзяць яго. Вось гэты мой ваўкадаў… — Дзядзька Іван кіўнуў у бок Цюлікавага брата. Той сядзеў воддаль, падцягнуты, злы, з вострымі белымі зубамі ў ружовым роце.
— Нездарма яго Разбоем празвалі. Злосны, як чорт, так і цікуе, каб каго ўхапіць зубамі. Толькі мяне і баіцца. Мы з ім удвох дачу вартуем. До-о-о-бры вартаўнік! Чужога чалавека і блізка не падпусціць. Не ўтрымаеш — на шматкі парве!
— А нас ён таксама парве на шматкі?..— пасунуўся бліжэй да мамы Вова. Ён толькі быў прымерыўся пагладзіць па спіне Разбоя, але той так выразна ашчэрыў свае вострыя зубы, што Вовава рука імгненна апынулася за спіной.
— Ну! — сярдзіта павярнуўся да Разбоя дзядзька Іван.
Разбой падкурчыў хвост, апусціў галаву і неахвотна адышоўся — сеў пад елкаю.
Дзядзька Іван перакінуў цераз плячо паляўнічую стрэльбу.
— Сёння вы тут уладкоўвайцеся, — сказаў ён гасцям, а заўтра я вам накажу, дзе ў нас баравікі растуць. Сёлета іх — хоць касу закладай…
Потым ён свіснуў Разбоя і пайшоў з ім сваёй дарогаю.
Пакуль дарослыя насілі ў пакой рэчы і ўладкоўваліся, дзеці тым часам працягвалі знаёмства з Шаўкаю і яе сынамі.
Прыбег каржакаваты і шыракаплечы, як маці, рыжы Жулік. Ён адразу ж безцырымонна абнюхаў Наташыну і Воваву адзежу і лізнуў пячэнне, якое Вова трымаў у руцэ. Потым Жулік з задавальненнем праглынуў гэтае пячэнне і спыніўся перад дзецьмі з выглядам бессаромнага папрашайкі: «А што вы яшчэ мне дасцё?»
У Жуліка не было ніякага гонару. Ён быў абжора і гультай. Цэлыя дні пралежваў ён на ганку сталовай, дзе харчаваліся ўсе, хто жыў у гэтым лясным доме адпачынку. Хітруючы, Жулік першым атрымліваў усе самыя смачныя кавалкі і з кожным днём тлусцеў і рабіўся зусім безнадзейиым гультаём.
Але, як і ўсякі праныра, тоўсты Жулік умеў прыкінуцца вельмі разумным і добрым, у той час, калі яго браты, Цюлік і Разбой, рабілі самыя сапраўдныя глупствы. Адзін немаведама чаго палохаўся людзей і ўцякаў ад іх, а другі, злуючы, што дачнікі цацкаюцца з яго братам, гыркаў на іх… Любіла Жуліка і песціла больш, чым астатніх сыноў, і маці, Шаўка. Гэты гультай і з ёю ўмеў быць ласкавым і пяшчотным. А якая маці ўтрывае ад гэтага?
Разбой меў адважны і незалежны нораў. Пра яго Шаўка не клапацілася. Свежую костку ён умеў здабыць сабе і ў бойцы. А вось Цюлік — па ім заўсёды балела сэрца ў Шаўкі. Ён і рос такі худы і няўдалы таму, што не ўмеў абараніць сябе. Ужо які быў гультай і абібок Жулік, а і той наравіў заўсёды адабраць з зубоў Цюліка хоць чэрствы кавалак хлеба. Абы адабраць.
Што ж датычыць Разбоя, дык ён, як і кожны, хто мае сілу і моцныя зубы, глядзеў на Цюліка, як па нікчэмнасць, і пры кожным зручным выпадку гатовы быў вырваць хоць шмат шэрсці…
Маці ўсё гэта бачыла і разумела. Застаўшыся з Цюлікам удваіх, яна лізала яго бяскрыўдную і заўсёды сумную галаву і бедавала: «Чаму ты не такі, як твае браты?.. Усіх баішся, нічога сам не здолееш. Цяжка табе будзе жыць на свеце, дурненькі ты мой…»
Няўклюднага і палахлівага Цюліка недалюблівалі і дарослыя дачнікі.
— На і табе, неўдаль… — кідалі яны кавалак чэрствага хлеба Цюліку.
А ён звычайна сядзеў дзе-небудзь паводдаль, пад кустом арэшыны, і толькі палахліва назіраў, што адбывалася на ганку, дзе ляжаў і аблізваўся пасля смачнай ежы яго брат, ласкавы хітрун Жулік…
Калі ў дом адпачынку прыехалі дзеці, жыццё Цюліка перамянілася. Дзеці самі не елі, і ўсё самае смачненькае пакідалі яму. Пры дзецях не асмельваліся крыўдзіць Цюліка і яго браты. Цяпер і сам ён адчуў сябе смялейшым.
Напэўна, каб аддзячыць за гэта, кожны раз, калі дзеці хадзілі ў грыбы, Шаўка кароткім брэхам клікала Цюліка і заўсёды бегла следам за імі. Часам увязваўся і цягнуўся ўхваста за імі таксама і Жулік. Але спёка і лянота хутка вярталі яго назад да сталовай, у цянёк.
Здаралася, што нават Разбой пакідаў свайго гаспадара, дзядзьку Івана, і таксама бег услед за маткаю і братам.
Шаўку радавалі яе дзеці, і, нешта загадаўшы ім на сваёй, сабачай мове, яна кідалася подбежкам па лесе размяць свае старыя ногі, панюхаць незнаёмыя сляды, папалохаць дурных птушанят. Аднак далёка ад дачы яна і сама не адыходзіла, і сынам сваім не дазваляла. Нібы ведала, што дзяцей адных заводзіць у лес небяспечна — могуць зблудзідь ці чаго-небудзь напалохацца.
Аднойчы пасля снядання, дарэмна патраціўшы час на пошукі Цюліка — гэтага недарэку ніколі нельга было накарміць у час, ніколі ён не спяшаўся да яды, — дзеці ўзялі свае кошыкі і пайшлі ў грыбы.
— Шаўка! Цюлік! — паклікалі Вова і Наташа.
Шаўка дагнала іх на сцяжынцы, забегла наперад і спынілася, нібы паказваючы, што далей яна ісці не можа.
— Шаўка, а дзе Цюлік? — спыталі дзеці.
Шаўка заклапочана азірнулася навокал, быццам паказвала, што яна і сама не ведае, дзе Цюлік, што яна шукала яго ўсю раніцу і не знайшла.
— Хадзем, Шава! — лёгенька штурхнуў яе кошыкам Вова.
— За намі, Шаўка! — загадала ёй і Наташа.
Шаўка ступіла следам за дзецьмі некалькі крокаў і спынілася, занепакоеная чымсьці, увесь час трывожна азіраючыся.
— Каму я кажу! — прыкрыкнула на яе Наташа.
Шаўка зноў прабегла некалькі крокаў і зноў спынілася, стала да нечага прыслухоўвацца, навастрыўшы вушы. — Ну!..
Але Шаўка не паслухала дзяцей. Пачакаўшы, пакуль Наташа і Вова схаваюцца за павароткаю, яна хуценька збочыла ў лес і пабегла, прынюхваючыся да перамешанага паху слядоў сваіх сыноў і нейкіх чужых пахаў. Увесь час яна спынялася, лавіла шматлікія лясныя гукі, імкнулася пачуць хоць якую вестку пра свайго сына.
Шаўка выбегла на дарогу і, прынюхваючыся, пабегла ў бок суседняга сяла. Раніцою тут праехаў воз з коламі, змазанымі дзёгцем. Нядаўна прагналі на пашу статак кароў… А вось чуваць пахі яе сыноў — Разбоя і Жуліка. Сёння яны паспелі ўжо тут прабегчыся.
Не чуваць было толькі слядоў Цюліка.
Ён знік яшчэ з вечара. Цэлы дзень ён бегаў за маткаю, і, каб хоць ненадоўга адчапіцца ад яго, Шаўка незаўважна выбегла на сцежку, па якой пайшлі на рэчку дзеці… Чаму яна так зрабіла — Шаўцы зараз цяжка было зразумець. Яна не надумала пра Цюліка і тады, калі вярнулася з рэчкі. Наспех павячэраўшы, яна скруцілася ў клубок пад ганкам сталовай. Цюліка там не было, і гэта на нейкае імгненне яе занепакоіла. Аднак ламота ў натруджаных за дзень нагах заглушыла непакой. Успомніўшы, што ў гэты час Цюлік звычайна гуляе з дзецьмі, Шаўка перастала думаць пра яго і хутка заснула.
Прачнулася яна раней, чым заўсёды, — ад холаду. Прачнулася і зразумела: холадна было таму, што пад бокам у яе не было Цюліка…
Шаўка выпаўзла з-пад ганка сталовай, пабегла да дачы, хоць і ведала, што звычайна ён спаў там толькі ўдзень. Цюліка каля дачы не было. Не прыбег ён і на снеданне.
Не знайшлі яго раніцай і дзеці, хоць і аблазілі ўсе закуткі. Не было яго і ў часе абеду, і ўвечары…
Шаўка ўвесь дзень амаль нічога не ела. Ногі яе балелі ад беганіны ў пошуках Цюліка. За тры дні яна прыкметна схуднела.
— Шавачка, не бядуй! — суцяшалі яе дзеці, але самі яны ледзь не плакалі — так ім шкада было беднага Цюліка.
— Хай бы лепш гэтага тоўстага кабана Жуліка ўкралі, чым Цюліка, — гаварылі дзеці. — А Цюлік такі дурненькі, такі баязлівы…
Гэтак жа разважаў і дзядзька Іван:
— Бачыш, што значыць — маці. I няўдалае, і дурное, а дзіця. Як шкадуе!
Шаўка слухала словы спачування, і ў яе разумных вачах стаялі слёзы.
Цюлік вярнуўся нечакана, калі ўжо была страчана ўсякая надзея, што ён вернецца. Прыбег над вечар, худы, змарнелы і яшчэ больш напалоханы. Відаць, нялёгка яму даводзілася ўвесь гэты няшчасны тыдзень.
Першымі ўбачылі яго праз акно дзеці.
— Цюлік! Цюлік вярнуўся! — з адчаяным крыкам скаціліся яны па лесвіцы з другога паверха.
— Цюлік! Цюлька! Дзе ты быў? — абдымалі яго Вова і Наташа.
На крык адразу ж прыбег Разбой. На гэты раз ён не гыркаў і не кусаў Цюліка. Браты лізнулі адзін аднаму насы — такое, відаць, у сабак прывітанне — і разышліся. Разбой — да дзядзькі Івана, а Цюлік — да дзяцей.
За Разбоем прыбег і тоўсты Жулік. Ён пачаў круціцца вакол Цюліка і бесперапынна лізаць яго — як і ўсе таўстуны, ён усё ж быў дабрадушным стварэннем.
Шаўка даведалася пра сваю радасць апошняя. Цюлік сам пабег ёй насустрач. Яны сустрэліся без сведкаў, і ніхто не бачыў, якой была гэта сустрэча. Толькі калі яны вярталіся да дзяцей, Шаўка трымала сваю састарэлую за гэты тыдзень галаву на худой сынавай шыі, нібыта баялася нават на імгненне адпусціць ад сябе сваё шчасце.
Наташа, Вова і дзядзька Іван абступілі Шаўку з Цюлікам.
— Цюлька! Цюленька! Дзе ж ты столькі прападаў? — наперабой абдымалі дзеці схуднелага ўцекача.
— Глядзі, дурны-дурны, а дамоў усё ж вярнуўся. Знайшоў дарогу! — задаволена папыхваючы самакруткаю, пахваліў Цюліка дзядзька Іван.
Шаўка паглядзела на яго з дакорам. Потым перавяла свой позірк на сына, і яе вочы зрабіліся пяшчотнымі. «Ну які ж ён дурны?! Ён жа разумнік у мяне!.. Ён жа такі разумнік!..»
Так гаварылі шчаслівыя вочы Шаўкі.
1955