Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем
не скрануся.
Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.
Высвечвала бяздонным дном,
ў акно ўзіралася з’інела,
і ведзьмавала туманом,
і летам бабіным звінела.
Калі будзіла весялосць?!
А прахаплюся — ты ўсё будзіш.
І мне няўцям, адкуль ты ёсць,
адкуль пасля з’яўляцца будзеш.
Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.
У свет балючы дабяла,
у снежны свет — мае усходы
ідуць: там ты… там ты была!..
Ты ўся наводдалі заўсёды.