Свет гукаў трапяткіх, непадуладны,
Як многім іншым, ты і мне, на жаль,
Хоць слых, тваёй мелодыяй суладнай
Апанаваны, рвецца ўвысь і ўдаль!
Хай не будзіў я рухам пальцаў прагных
Ні рэха бур на ўздыме стромых скал,
Ні светлай тайны мрояў даляглядных,
Ні бірузовы ўсплёск гуллівых хваль,—
Затое сэрцам, нерва кожнай ніццю,
Усёй няўтольнай сілай пачуцця,
Праз шэпт былінак, грукат навальніцы,
Праз пошум ветру, шолахі трысця
Я слухаў голас твой, прыпаўшы ніцма,
Мелодыя Радзімы і жыцця!
1968-1970