Аляксей Пысін — Базар

Аляксей Пысін

АБ’ЯВА

Разгорнуты лісток
Бяросты
Павешан на сучок
Бярозы.
Чакайце,
Гэта ж аб’ява;
Чытайце
Злева направа.
Чытайце
Выразна, услых,
Слоў не глытайце
Вялікіх, малых.
Значыць, аб’ява?
Цікава.

«Хутчэй сягоння снедайце
I наш базар наведайце!
Не знойдзеце другога
Базару такога.
Усім гасцям прывет!
Базарны камітэт».

Падняліся, паляцелі
Ўсе, хто крылы мае.
Зашумелі, загудзелі,
Гоман не змаўкае.

– Дзе пажар,
Дзе пажар?
– Не пажар,
А базар.

– Недалёка, недалёка! –
Абвяшчае ўсім сарока.

Глядзіць падазрона
Сівая варона:
– Можа, на хвасце ты
Слух прынесла гэты?

– Не, на самай справе –
Сказана ў аб’яве.

«Толькі б не спазніцца», –
Думае сініца.

Драч бяжыць з-за купін:
– Штосьці купім,
Штосьці купім.

Нават муха і камар
Паляцелі на базар.

ВЕРАБ’ЁВА ПРАМОВА
А базар – як стадыён.
Птушак, пэўна, тут мільён.
Дзе бярозкі –
Там кіёскі,
Дзе дубочкі –
Там ларочкі.
Над павільёнамі –
Сосны з парасонамі.

На трыбуне верабей
Слова мае да гасцей:
– Чык-чырык,
Свет вялік.
Ў добрай згодзе
Мы жывём,
У лагодзе
Гнёзды ўём.
Нашы – нівы, нашы стрэхі,
Нашы плёсы, нашы рэкі
I крутыя берагі,
I балоты, і лугі.
Добра жыць, добра жыць,
Ёсць што есці, ёсць што піць.
А цяпер святочным днём
I базар мы свой пачнём.

ХТО ШТО КУПЛЯЎ
Дзятлы-друкары
Прадаюць буквары.
Мчыцца да прылаўка
Шэрая галка:
– Буквароў мне трэба восем,
Бо ўжо хутка восень,
Пойдуць дзеці ў першы клас,
Гэта – раз.

Яшчэ трэба пер’е,
Чыстая папера
I алоўкі новыя,
Каляровыя.

– Колькі за кніжку?
– Яловую шышку.
Просіць берасцянка:
– Трэба мне чытанка.

Жураўліха з жураўлём
Дзюбы ўзнялі над сталом:
– А навошта нам буквар?
Падавайце каляндар!

Салавейка стаў на дыбачкі,
Ён трымае скрыпачкі.
Скрыпку звонкую і смык
Доўга выбіраў індык.

– Каму спеўнік,
Каму спеўнік? –
Прапануе пеўнік.

Дрозд ступае ў новых ботах.
– Буду я спяваць па нотах.

Бусел абвяшчае:
– Хто набыць жадае
Дакладныя карты
I глобусы?
Адзначаны рэкі
I полюсы,
Горы, даліны,
Лясы і раўніны.
Ёсць і ўказка,
Калі ласка.

– За глобус і карту я
Шчыра дзякую,
Бо без іх хоць плач, –
Гаворыць драч.

Сыч вандруе па базары,
Ён шукае акуляры.
– Надакучыла днём спаць,
Буду я чытаць, пісаць.
– Пойдзем з намі, – кажуць
Вераб’ёвы дочкі, –
Мы табе пакажам
Аптэчныя ларочкі.
 

КАНЦЭРТ

На трыбуне верабей
Слова мае да гасцей:
– Чык-чырык! Базар канчаем,
Весяліцца запрашаем.

На эстраду выйшаў пеўнік,
Прад сабой трымае спеўнік:
– Я ку-ран-ты
Замяняю,
Як уранні
Заспяваю.
Вось які я
Акуратны,
Як куранты,
Як куранты.

А за пеўнікам індык,
Скрыпку ён нясе і смык.
Ён смычком па струнах водзіць,
Песеньку сваю заводзіць:

– Куды я? Куды я? –
Даганяю каня.
Даганю, даганю,
Дам вымову каню,
Дапяку ажно да слёз,
Аж да слёз:
Ты навошта з’еў авёс,
Мой авёс?

Тут на ўвесь прастор вялікі
Заігралі музыкі.

Затрубілі жураўлі,
Гусі бубны узялі.

– Нам не трэба
Кладак, броду,
Дайце ходу
Карагоду.
Мы танцуем,
Мы спяваем,
А драпежных
Не прымаем.
Ляці міма,
Злы каршук.
Не бяром цябе у круг.
Хто сумленны –
Той наш госць.
Во якая весялосць!

1962 г.
 

Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений