Раскажу я вам, унукі,
Ды не казку, а быль.
Хто з вас ведае, скажыце,
Што такое кавыль?
Рос калісьці ён усюды
На маўклівай цаліне.
А расказ мой пра вярблюда,
Пра вярблюда на вайне.
Не за дальнімі гарамі,
А бліжэй – па гэты бок –
Папаўняўся на Урале
Запасны гарматны полк.
Кожны дзень у нас вучэнне:
Ваяваць – патрэбна ўменне,
Каб без промаху
Біць па ворагу,
Не паліць дарэмна пораху.
Скажа камандзір: «Выдатна!»,
Калі ты страляеш трапна,
Бранябойным падаб’еш
Танк, што выйдзе на рубеж.
Вельмі дрэнна – недалёт,
Вельмі дрэнна – пералёт,
Падвядзе няўмека фронт.
Падышоў да вартавога
У будзёнаўцы башкір
I пытае нават строга:
– Хто таварыш камандзір?
Вартавы размоў не любіць:
– Тут, дзядуля, не базар:
Ну куды вядзеш вярблюда?
Адыдзі пад ясакар!
Дзед на хлопца наступае:
– Што ж, па-твойму, я шпіён?
Я ў самога, брат, Чапая
Ў бой вадзіў свой эскадрон.
Маю ордэн за геройства,
На мяне ты не крычы.
Цяжка нашым там, на фронце,
Я хачу дапамагчы.
Сам стары я, не вайсковы;
Вось вярблюда аддаю,
Ён вынослівы,
здаровы,
Службу ведае сваю.
Так застаўся з намі
Верблюдок.
Мы яго назвалі
Кавылёк.
У абозе папаўненне,
Ў строй становіцца вярблюд.
Толькі коні ў недаўменні:
Што яму патрэбна тут?
Гарачыцца конь буланы:
– З гэткім горбам ты – у строй?
Дабраволец ці прызваны,
А ці проста па пастой?
Конь пярэсты збоку глянуў:
– Не твая, браток, вярста:
Ані выпраўкі, ні стану,
Ані грывы, ні хваста.
Ты, хітруга, вельмі ласы
На казённыя прыпасы,
На армейскі правіянт,
I, напэўна, сімулянт?
– Доўга будзеце смяяцца?
Што благога вам зрабіў? –
I пачаў вярблюд плявацца
Так, што вочы заляпіў.
Коні голавы схілілі,
Адчуваючы віну:
I чаго не падзялілі, –
Разам пойдуць на вайну.
* * *
То па полі, то па лесе
Эшалон
Бярэ разгон.
I вярблюд таксама едзе,
У вярблюда свой вагон.
Пакідае стэп і лета,
Кавыля сухога звон.
Едзе, едзе без білета –
На вайсковай службе ён.
Ад байцоў яму пашана,
I на станцыі любой, –
А ці позна, а ці рана, –
Усе к яму наперабой:
– Кавылёк, Кавылёк,
Пасмакчы сухарок.
Носяць сена: – Кавылёк,
Гэта твой паёк!
I – з брызентавым вядром:
– Вось вады мы набяром.
– Кавылёк, Кавылёк,
Ну яшчэ адзін глыток…
Едзе, едзе Кавылёк,
Едзе тыдзень, едзе два…
Ой, кавыль-кавылёк,
Горкая трава.
* * *
Паласа прыфрантавая,
Паравоз адпачывае.
Выгружаюцца салдаты,
I спускаюцца па дол
Тапкі, коні і гарматы, –
Войска, войска навакол.
Запрагайся,
Кавылёк,
У гарматны
Перадок.
* * *
У тапках смуглыя танкісты,
Каля гармат
Артылерысты.
На маршы крочыць
Кавылёк,
Гармату цягне
Верблюдок.
Каляіны –
Бы ў пустыні,
Гарады –
Адны руіны.
Дрэвы звалены,
Вёскі спалены.
Толькі прысак
Ды жарства,
Пажаўцела
Ўся трава.
* * *
Вось сустрэча дык сустрэча,
Конь буланы цягне воз.
– Добры вечар!
– Добры вечар!
– Ты, напэўна, вадавоз? –
Здзекліва вярблюд пытае,
Аж губу ён скапыліў:
Не забыта крыўда тая,
Як з яго буланы кпіў.
Дзеці беглі на дарогу,
Ўсе глядзелі як на цуд.
Век не бачылі такога,
Каб сігаў тут сам вярблюд.
Сваё веданне яны
На хаду паказвалі:
– Хто у Афрыцы?
– Сланы.
– А вярблюд?
– У Азіі.
– Ты адкуль?
– З Уральскіх гор.
– А навошта
Носіш горб?
– Горб не лішні на спіне,
Горб патрэбен на вайне,
Горб – мой рэчавы мяшок,
Што набіт па вузялок.
* * *
Размясціліся ў ляску
Пры дарозе-бальшаку.
Самалёт фашысці «рама»
З чорным крыжам на баку.
Кружыць
Над прывалам
Прама,
Выглядае, што ў ляску?
Свіст жалезны,
Немы віск –
Паляцелі
Бомбы
Ўніз.
Нібы ў час землетрасення
Скалыхнуўся наш лясок.
Сосны падаюць з карэннем,
Трэскі,
Гліна
I пясок.
Дзе вярблюд?..
Ён не хаваўся,
Не задаў ён лататы:
Каля кухні затрымаўся
I агледзеў там катлы.
«У вялікім, мусіць, суп,
Ды не густа штосьці круп».
Каля кухні соль стаяла,
Галаву ён – у мяшок.
I – зусім турботы мала,
Што скупы ў байцоў паёк.
Для вярблюда соль – ласунак,
Самы лепшы пачастунак.
I не бачыць, і не чуе,
Як зеніткі рвуць блакіт;
Сам сябе вярблюд частуе,
Наганяе апетыт.
Соль упляжыў бы да дна,
Ды з’явіўся старшына.
Пасля солі Кавылёк
Выпіў цэлы ручаёк.
I выходзіць – дзве бяды:
Ані солі,
Ні вады.
* * *
Ноччу свой рубеж знаходзім,
На пярэдні край выходзім.
За акопамі – равок,
Там застаўся Кавылёк.
Чутна ў цемрадзі густой –
Вартавы гукае:
– Стой!
Устрывожаны салдаты
I – хутчэй за аўтаматы.
– Не страляйце, панікёры, –
Кажа камандзір з дакорам, –
Навастрыце лепей зрок,
Гэта ж наш Кавылёк!
А вярблюд бяжыць з падскокам
Проста на пярэдні край.
Можа, ранены асколкам? –
Паспрабуй тут угадай.
Праз акопы ён сігае,
З відавоку ўжо знікае.
Што здарылася з вярблюдам,
Ад чаго перапалох?
Пад гарэлым чорным дубам
Ён на вожыка прылёг.
Лёг па вострыя іголкі,
А яны ўпіліся ў бок,
Як пякучыя асколкі,
I – ўсхапіўся Кавылёк.
I не чуў ён, як гукалі
Нашы хлопцы наўздагон.
Потым…
немцы напаткалі
I забралі у палон.
– Ты, напэўна, перабежчык,
Уцякаеш ад сваіх?
А магчыма, ты – разведчык?
Гэй, паклічце вартавых.
Афіцэр у акулярах
Даў каманду абшукаць.
Настаўляе свой ліхтарык,
Каб было усё відаць.
Добра зубы палічылі,
Моцна ў вушы патрубілі,
Горб абмацалі старанна –
Можа, рацыя схавана?
– Дзе служыў ты: ў кавалерыі,
Сувязі ці артылерыі?
I якія ёсць гарматы,
Ці падвезены сынарады?
Колькі лыжак у палку,
Колькі супу ў кацялку?
I за тое, што маўчаў,
Біць фашыст яго пачаў.
I выносіцца прысуд:
– Пойдзеш у абоз, вярблюд!
* * *
Можа, тыдзень, можа, болей,
Кавылёк ужо ў няволі.
Хоць пры кухні служыць ён,
Ды не дадзен рацыён:
Ні крупінкі,
Ні сцяблінкі,
Ані макавай расінкі.
Повар выдумаў дазнацца –
Дзесяць сутак ці пятнаццаць
Без вады і без травы
Будзеш ты, вярблюд, жывы?
Кавылёк не еў, не піў,
Што загадвалі – рабіў.
I такі ён стаў слухмяны,
I дагодлівы, старанны.
Не спыняецца у возе,
Шэсць разоў ваду падвозіць,
Цягне кухню палявую
З тылу на перадавую.
I гагочуць немцы: – Гут,
Мы ў Сахары, мы ў пустыні,
Возіць нам абед вярблюд,
Горача – абед не стыне…
У дарозе повар дрэмле,
Знае ён: вярблюд не зверне
Ні направа, ні налева,
Не зачэпіцца за дрэва.
Дрэмле повар на світанні,
Ён сягоння недаспаў:
Быў у Фрыца на гулянні,
Імяніны той спраўляў.
Едзе кухня,
Едзе кухня,
Ані стукне,
Ані грукне.
Міна дзесь бабахне зрэдку,
Россып кулямётных трас.
Ні з разведкі, ні ў разведку
Не ідуць у гэткі час.
Кавылёк ужо сігае
Па нейтральнай паласе.
Хай фашысцкі ўзвод чакае,
Кухню ён не ім вязе.
Едзе кухня,
Едзе кухня,
Ані стукне,
Ані грукне.
А што, повар, табе сніцца?
Хай табе прысніцца рай.
Коціць, коціць калясніца
Ды на наш пярэдні край.
Падхапіўся немец сонны,
Лыпае – няўжо не сон?
Абхітрыў вярблюд палонны,
Кухню ўзяў у свой палон.
Падымае немец рукі,
Немец Гітлера кляне:
– Засталіся дома ўнукі,
Пашкадуйце вы мяне!
Так вярнуўся Кавылёк
У гвардзейскі родны полк.
* * *
Цераз рэчку пераход,
Каму – рэчка, каму – брод.
Вораг сілы ўсе сабраў,
Не пакінуў перапраў.
Знішчаны усе масты,
Не плывуць даўно плыты,
I ля берага, вядома,
Ані лодкі, ні парома.
Над ракою, над вадой
Пачынаем зранку бой.
Ледзь сышоў туман світальны
З прыбярэжных паплавоў –
Сігануў агонь знішчальны
Можа, з тысячы ствалоў.
Мы з бярвенняў плыт зляпілі
I гармату ускацілі.
Пад абстрэлам, пад агнём
Мы на бераг той плывём,
I плывуць артылерысты,
Пехацінцы, сувязісты.
Рэчка стогне і гудзе,
А вярблюд уброд ідзе,
Дастае нагамі дно,
Крамяністае яно.
Цяжка ранен наш наводчык,
Памутнелі ў хлопца вочы.
Зараз пойдзе ён на дно,
Паратунку не відно.
Кавылёк, Кавылёк,
У цябе шырокі крок,
Паслужы нам, даўганогі,
Замест «хуткай дапамогі»!
На спіне сваёй гарбатай
Вынес Кавылёк салдата
З той кіпучай быстрыні,
З той бурлівай глыбіні.
Пасля бою – час прывала,
Дом разбіты без акон.
– А каго вядуць з падвала?
– Бач, здаліся у палон
Штаб фашысцкі і ўся світа.
Вельмі важныя чыны;
Для парадаў былі сшыты
I мундзіры, і штаны.
Насцярожыўся адразу
Пахудзелы Кавылёк,
Во не шмат мінула часу,
Як ад немцаў ён уцёк.
У кампаніі палонных
Пакідаў штабны падвал
Пры ўсёй форме і пагонах
Ваяўнічы генерал.
Столькі бляску, столькі глянцу,
I такі парадны ён,
Бы цяпер на пагулянцы,
Проста робіць мацыён.
Кавылёк глядзеў, глядзеў,
Быццам вымавіць хацеў:
– Ты з падвала?
Я – з Урала, –
Плюнуў ён па генерала.
Хтосьці хоча ўжо смяяцца,
Гледзячы на той мундзір.
– Перастань, вярблюд, плявацца, –
Строга кажа камандзір, –
Твой учынак – непрыстойны,
Трэба ж ведаць добры топ:
Генерал – у нас палонны,
Не ваюе болей ён.
* * *
Лета.
Восень.
I зіма.
Кавыльку
Няма
Пісьма.
Снег на ўсе дарогі лёг.
– Ёсць пасылка, Кавылёк!
Кавылёк,
Не сумуй,
За пасылку –
Патанцуй!
Скача, скача
Кавылёк,
Скок ды скок,
Скок ды скок.
Адчувае
Рытм
I такт,
Скача гэтак,
Скача так.
Батарэя плешча ў ладкі,
Заахвочвае імпэт:
Каб абуўся ты у тапкі, –
Вось бы даў кардэбалет!
– Хопіць, адпачні часінку,
Атрымай сваю пасылку!
Адмысловая пасылка,
Не мяшэчак
I не скрынка.
Паштальён – з абедзвюх рук –
Уручае
Сена цюк.
Туга, туга спрасавана,
Па баках перавязана,
I – адкуль яно прыслана –
Не загадка,
Не сакрэт:
Не забыў
Вярблюда
Дзед.
* * *
Ехаў маршал Ракасоўскі
Па дарозе франтавой
Міма спаленае вёскі,
Дзе заціх нядаўна бой.
Кавылёк шагаў на маршы,
Перамешваў снег і бруд.
I спыніўся раптам маршал:
Скуль узяўся тут вярблюд?
Не ва ўзводзе і не ў роце:
Ён адзін такі на фронце
I на ўсёй на усёй вайне –
Воін з горбам на спіне.
– Дзе вярблюда вы ўзялі,
З Каракумаў прывялі?
Далажыў наш камандзір:
– Не, прывёў стары башкір…
– Дзякую, вярблюд, за службу,
За адвагу і за дружбу.
Ну ваюй, ваюй, вярблюд,
Хутка Гітлеру капут!
Кавылёк шчаслівы быў:
Сам жа маршал пахваліў.
* * *
Шмат было яшчэ прыгод,
I закончыўся паход.
Мы з баямі наступалі,
Адбівалі,
Вызвалялі
Сотні гарадоў, мястэчак,
Перайшлі нямала рэчак,
Сухадолаў і раўнін,
Штурмам узялі Берлін.
За салютам быў салют,
Па Берліне йшоў вярблюд.
* * *
На радзіму, на радзіму! –
Абвяшчае паравоз.
I кладуцца кольцы дыму
То на поле, то на плёс.
Чуцен колаў перабор:
– Адкрывайце семафор!
I спяваюць рэйкі:
– Пераводзьце стрэлкі!
Эшалон бярэ разгон,
А ў вярблюда свой вагон.
Едзе, едзе Кавылёк,
Едзе тыдзень, едзе два.
Зелянее кавылёк –
Сухадольная трава.
1964 г.
Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.