Што за стукат і грукат
У бары-гушчары?
То газета друкуецца
На сасновай кары.
У берэце чырвоным,
Што зіхціць, нібы жар,
Завіхаецца дзяцел –
Ён галоўны друкар.
Выбівае ўсе знакі –
За радочкам радок,
Ставіць коскі і кропкі,
Толькі чутна: чок-чок!
А маленькія птушкі –
Пасыльныя ў яго,
Весткі-чуткі прыносяць
З наваколля ўсяго.
Вось апошняя кропка –
Самы звонкі удар:
Сваю справу закончыў
Працавіты друкар.
Абвяшчаюць з сасны на сасну
Пасыльныя:
– Калі ласка, чытайце
«Навіны лясныя»!
Сыч ціхутка прыляцеў,
У дупле ён не ўсядзеў.
Развітаўся ён са сном,
Ужо бачыць сыч і днём,
Бо ў аптэцы на базары
Падабраў ён акуляры.
Просьба птушак тут усіх:
– Ты чытай нам, сыч, услых!
– Ёсць умова, каб мяне
Не перабівалі.
I чытае гучна сыч
Пра
мядзведзевы цымбалы
Пашчапаў сасну пярун,
Нарабіў ён многа струн.
Струны новенькія,
Струны тоненькія,
Ёсць пявучыя,
З сонца вітыя,
Ёсць грымучыя,
Басавітыя.
Прыйшоў мішка таўстапалы:
– Вельмі здатныя цымбалы!
Б’е па струнах, а ў бары
Падпяваюць камары.
Усміхнуўся сыч ледзь-ледзь:
– Вынаходлівы мядзведзь.
Хай жа гукі звонка льюцца,
Паглядзім, якія
люцікі
Кураняткі жаўтаротыя
Выйшлі, бестурботныя,
Да рачулкі на лужок,
На зялёны муражок.
А з-за рэчкі шух-шух,
Вылятае каршук.
Ой бяда, ой бяда,
Толькі луг ды вада,
Дзе схавацца?
Кураняткі не ўцякалі,
Люцікамі сталі,
Не баяцца.
Заўважаюць гэта птушкі,
Шчабятушкі і пяюшкі.
– Малайчыны, кураняткі!
– Што далей?
Кратовы хаткі
На паляне, дзе палаткі, –
Пад зямлёй кратовы хаткі.
Тут няма ніколі сонца,
Бо – ніводнага аконца.
Павукі з маткамі ходзяць,
Правады свае наводзяць,
Каб па тых па правадах
Пад дзірван – таўшчэзны дах –
Электрычнае святло
Паплыло.
Значыць, будзе святлей
I у падзямеллі.
Сыч чытае далей
паведамленні
У вавёркі Веры –
Рамонт кватэры:
Змяніла шпалеры,
Вокны і дзверы.
Ёсць на кладоўках
Новыя стрэхі,
Каб не намоклі
Грыбы і арэхі.
* * *
Праз густыя лясы
Да Трох Калод
Пракладаюць ласі
Водаправод.
* * *
Сёння у аленя
Дзень нараджэння.
На імянінах –
Статак ласіны.
* * *
Браканьер на паляванне
Выйшаў з стрэльбай на паляну,
А зайцы напалі,
Стрэльбу адабралі.
* * *
Выхваляецца дзік,
Што ён з’есць маладзік.
* * *
Весткі з базару:
Сыч купіў акуляры.
Сыч ажно ўсміхнуўся:
– Жонцы пахвалюся,
Бо не жарты гэта –
Трапіў я ў газету.
Зноў звініць кара сасновая,
Стукат не змаўкае.
То друкуецца новая
Газета лясная.
1962 г.
Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.