Лёг сняжок пушысты,
Белы, як папера,
А на снезе птушкі
Ў каляровым пер’і.
Цэлую гадзіну
Дзеці прастаялі.
Што гэта за знакі –
І не адгадалі.
Снегіры, сініцы,
Галкі-забіякі
На паперы гэтай
Пакідаюць знакі.
Падышоў дзядуля,
Акуляры – у рукі:
– Зараз адгадаем,
Дарагія ўнукі.
Гэта пішуць птушкі:
У іх няма кармушкі,
Просяць хоць бы трошкі
Зерняў, хлебных крошак.