Аляксей Пысін — Ручнікі

Аляксей Пысін

Вышывала маці… У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.

Расцвіталі ружы і ляны
Ў непаўторных веснавых узорах.
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.

Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар – благаславенне бралі;
У партызанскіх баравых лясах
Ручнікі на ранах абгаралі;

Тлелі пад снягамі і дажджом
На магільным помніку
Герою.
Сёння ў хатах многіх над Сажом
Ўзоры тыя ж зіхацяць зарою.

На далёкім полі цаліны
Выцірае хлопец твар спацелы,
За паўсвета ў свет,
За край лясны
Ручнікі, як птахі, заляцелі.

Крылы ільняныя… Ручнікі…
Ружы незавялыя і краскі…
Прыкладзешся вільгаццю шчакі,
Быццам матчыну адчуеш ласку.

1956 г.
 

Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. І. Вершы / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 304 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений