Аляксей Якімовіч — Аб чым спрачаліся кнігі

Аляксей Якімовіч

  У школьную бібліятэку прывезлі новыя кнігі.
 – Мы аж дзвесце кіламетраў праехалі, пакуль сюды трапілі. Мае вокладкі нават пылам пакрыліся, – незадаволена прабурчаў Падручнік Матэматыкі.
 – Куды гэта нас прывезлі? Скажыце мне, сябры! – занепакоіўся Падручнік Спеваў.
 Падручнік Геаграфіі важна кашлянуў і паведаміў:
 – У школу, даражэнькі. У бібліятэку.
 – Я так марыў у школу трапіць! – узрадаваўся падручнік Спеваў. – Неўзабаве мяне дзеці забяруць, дамоў панясуць. Надакучыла стаяць на цеснай палічцы.
 Лічыш, што цябе першага дзеці забяруць? – пацікавіўся Падручнік Матэматыкі.
 – Канешне, – адказаў Падручнік Спеваў. – Я шмат песень ведаю. А дзеці любяць спяваць.
 – Я тут самы галоўны, – не пагадзіўся Падручнік Матэматыкі. – Я вучу аднімаць, складаць, множыць, дзяліць. Мяне першага забяруць з бібліятэкі.
 – Задавака! – абурыўся Падручнік Геаграфіі. – Я самы патрэбны. Дзеці без мяне нават у лесе заблудзяцца, дарогу дамоў не знойдуць. I пра горы, і пра моры, і пра акіяны я ім раскажу.
 – Шмат аб сабе не ўяўляйце! – падаў голас Тлумачальны Слоўнік – Без мяне ніхто з вас не растлумачыць, што такое матэматыка, што такое геаграфія. Я, вядома, самы патрэбны. Мяне і ў друкарні самым першым выпусцілі.
 Гамоняць кнігі, спрачаюцца. Тоўсты Тлумачальны слоўнік пачаў штурхацца. Мабыць, моцнай сваркай скончылася б гэтая спрэчка, калі б у бібліятэку не забег рыжавалосы хлопчык
 – Ніна Іванаўна, у вас ёсць Матэматыка? – яшчэ з парога запытаўся ў загадчыцы бібліятэкі.
 Падручнік Матэматыкі звысоку глянуў на сябрукоў.
 – Я вам што казаў?
 – Прывезлі Матэматыку, стаіць на паліцы, – сказала загадчыца бібліятэкі. – Табе, Міхась, напэўна, і геаграфія патрэбна?
 – I Геаграфія, і Спевы, і Тлумачальны Слоўнік, – таропка прагаварыў Міхась.
 Кнігі слухаюць і дзівяцца. Зусім разгубіліся: не ведаюць, якая з іх найбольш патрэбная, карысная. Што ж, яны яшчэ ні разу не былі ў класе, і шмат чаго ім невядома.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений