Увага! Поўны змест
I
Дарагія госці прыехалі да ўдавы Домны Лямцюговай — дачка Адарка і зяць Хвёдар! Дачку яна не бачыла дужа даўно, здавалася ёй, ці не з таго часу, як заварылася гэта каша, як народ на народ пайшоў, як паноў пачалі рэзаць ды вяскоўцам волю далі! Тады і пачалося гэта новае жыццё! Домна кінула вёску ды пачала з сынам Яўменам жыць на гэтым пасёлку, які людзі празвалі «камунай Яўмена». А як аддала замуж сваю ядыную дачку Адарку ў чужую, дальнюю вёску, вярстоў за 50, дык зусім адна стала жыць на гэтым — туды яму дарога! — калектыве. Не любіла Домна гэты калектыў і калектыўшчыкаў, ой як не любіла. Хоць і жыла з сынам, у якога была жонка Матруна і маленькі сынок, але ўсімі думкамі рвалася ў старую вёску, у якой жыццё амаль што не змянілася! А тут, на пасёлку, Домна часта шкадавала сябе, адчуваючы поўнае адзіноцтва: жыву, як колас у полі, адрэзана ад бога і людзей! «Калектыўшчыкі» — паводле яе думак — гэта не людзі, а д’яблы, якіх бог калі-небудзь ды пакарае!
Домна частавала сваіх гасцей чым было. Госці елі са смакам, бо праехаліся, а яна скардзілася на сваё жыццё.
Зяць Хвёдар сядзеў на лаўцы каля вакна, еў мала, а больш пыхкаў піпкай ды аглядаў хату.
Хата была новая, на дзве палавіны. Дзверы ў другую палавіну былі адчынены — там брыкала цялё, пад печчу скігатала парасё, па хаце спацыравалі дзве чубаткі і певень. Вокны былі вялікія, светлыя, падлога роўная, чыстая.
А Домна скардзілася:
— Што толькі ў нас дзеецца, дык вы й веры не дасцё! Яўмен перавярнуў усё дагары нагамі. Мазгі мае — як не мае! Сама не ведаю, ці я жыву, ці мяне ліхаманка калоціць. Усё па-новаму, па-новаму…
Адарка заўважыла:
— У Нямеччыне як быў, нагледзеўся, а пасля ў Чырвонай Арміі шышкай быў, дык цяпер і сам не ведае, хто ён.
— Быў сын як сын. Хоць бедна, ды ціха, супакойна жылі. Ты служыла ў пані, так-сяк патроху жылі. А цяпер на панскую зямлю селі, дык чыста адурэлі, як калясо, усё круціцца…
— Не, пра паноў кіньце! — загаварыла Адарка. — Мала яны наштурхалі нас? Мала я ад пані гора бачыла? Восем пудоў важыла: прыбяры, перавярні гэту жлукту з боку на бок ды яшчэ пасадзі ў фаятон, сама не магла ўзлезці. Адзін раз стала на падножку, дык і ўсю біньдзюгу перакуліла.
А ўсё ў бога смерці прасіла. Бывала, прыйду я да пані, як ужо цара скінулі, а яна ляжыць, ды стогне, ды бога просіць, каб хутчэй памерці ды не бачыць, як дабро яе расцягваць будуць. А ведала яна, што гэта будзе, разумная паня была.
— У самую бальшавіцкую рэвалюцыю выпруцілася, як быццам ведала, што канец панству прыйшоў!
Хвёдар сказаў:
— Што й гаварыць! Каб паноў не выгналі, дык Яўмен не адбудаваў бы такой хаты!
Было відаць, што Хвёдар зайздросціў Яўмену.
Домна заўважыла гэта і сказала незадаволена:
— Адбудаваў, адбудаваў, хоць ваўкоў ганяй! Стадола, а не хата. Нават супакойна заснуць нельга… Усё здаецца, што нехта ў вокны глядзіць.
Хвёдар зарагатаў і запытаўся:
— На што Яўмену вокны такія вялікія?
— Вярзе такое, што і ў галаву не палезе: кажа, што трэба, каб паветра ды сонца больш было. Я яму колькі разоў казала ды лаяла. Халера на цябе, кажу яму, сваімі вокнамі толькі косці мае старыя прастудзіш. Трэба, каб дух быў у хаце!
— А што Яўмен кажа? — зацікавіўся Хвёдар.
— А Яўмен усё трубіць: трэба па-новаму, па рэвалюцыі, жыць. Трэба, каб у хаце нейкая кубатура была!
— Кубатура? — разам перапыталіся і Адарка і Хвёдар.
— Але ж! Кубатура! Я і не ведаю, што гэта. Яўмен цяпер шмат балбатні ўсякай гародзіць, усё нейкія модныя, перакручаныя словы вярзе ды ўсё палец уверх узнімае. Вось глядзі, Адарка!
Домна паспрабавала перадражніць свайго сына Яўмена, але нічога не выйшла. Троху памаўчаўшы, прыбіраючы са стала, сказала:
— Сягоння, відаць, вернецца Яўмен. Пайшоў на перавыбары, а Матруна да суседкі пайшла, ды яшчэ дагэтуль няма. У нас жа хата ад хаты на вярсту.
Хвёдар усміхаўся і глядзеў на чыстую падлогу. Яму хацелася плюнуць, але нейкае нязвычнае пачуццё чыстаты стрымлівала яго. Нялоўка адчуваў сябе ў гэтай хоць мужыцкай, але чыстай хаце. Урэшце падняўся, выйшаў у другую хату. Вярнуўшыся, сказаў, зірнуўшы на кут:
— I праўда, у вас усё па-новаму. Вунь і багоў няма. Разбазарылі. Ці не камуністым зрабіўся Яўмен?
— Блізка што так! Ужо больш году, як вынес усіх багоў! Цяпер жывём як паганцы!
Адарка ўстрапянулася:
— Як жа так? А ты нічога? Куды ж ён іх?
— Хто ж яго ведае, — супакойна адказала Домна. — Адзін абраз я схавала, забараніла, можа, і ўспомніць калі-небудзь бога, можа, і прыгадзіцца на ўсякі грэх. А толькі, Адарачка, адступіўся ён ад нас. I маліцца не моліцца нейк! Як атруціў нехта! Пабягу іншы раз да Гапкі, у яе хата абстаўлена ўся абразамі. Бягу, думаю: памалюся там ды паплачу, а прыбягу туды, як лёду паклаў хто ў сэрца. А яшчэ як прыслухаюся, што вярзе на бога Яўмен, сынок мой, дык і ахвота маліцца прападзе! Як паганцы ў граху жывём.
Хвёдар засмяяўся:
— А мы дык няшчасныя людзі! Няма ў нас ніякае кубатуры!
Хвёдару вельмі спадабалася гэтае слова, і ён некалькі разоў са смехам пераказаў яго.
— Табе смех, а мне гора, — звярнулася да яго Домна. — Хаджу як голая ў гэтай кубатуры. Куточка цёплага няма ў хаце. Пустэльня! Усё сніцца старая хатка: за печ палезем, пагрэемся, а тутака і печы такой няма… Усё па-новаму ў нас…
Адарка запыталася пра жонку Яўмена Матруну. Толькі раз і бачыла яе, як Яўмен прывёз з «віроў». Тады Матруна не вельмі спадабалася ўсім — фарсістая баба была! Домна адказала, што ўсё было б добра, але ў дудку Яўмена дзьме і на матку вокам не зірне.
— Два месяцы ўжо, як радзіла сына! — дадала яна.
Адарка на цыпках падышла да калыскі, асцярожна рассунула полаг, зірнула і шчыра сказала: вялікі расці! Вялікі расці! Вялікі расці! Адышоўшы, заўважыла:
— Нічога сабе пузанок! А ружовы які?! Як жа завуць?
Домна неяк дзіўна ўсміхнулася і шэптам загаварыла:
— Лепш не пытайцеся! Не ведаю, як і сказаць вам, любенькія! Дзіцёначка ж не ксцілі. Як ні прасіла я — нічога не памагло… Яўмен даў сваё імя!
— Ой, ну? Якое ж?
— Проста грэх. Зусім не чалавечае імя. Акіянам назваў. Спачатку брыдка было, а цяпер нічога, як быццам другое імя і не падыходзіць.
Адарка аж рукамі пляснула ды галавой заматала:
— Акіянчык! Божа ж мой! Нейкае ліха ўссела на чалавека!
— Яго дурны поп ксціў, — рэзюмаваў Хвёдар, падымаючыся з лавы.
Ён пачаў разглядваць лозунгі, плакаты і малюнкі, якія былі развешаны па сценах. Хвёдар не бачыў сэнсу ў гэтым, дый чытаць амаль што не ўмеў. Але ўважліва разглядаў пана, кулака і цара, крытыкаваў іх разбухлыя выкручаныя ногі, тоўстыя гумаляставыя зады, хцівыя, заграбастыя рукі і разяўленыя воўчыя зяпы. Гэта ўсё яму было зразумела і без подпісаў, гэта паводле яго думкі «лоўкая была крытыка». Затое другіх плакатаў ён зусім не разумеў і доўга думаў над імі, аж галава засвярбела. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на нейкі даўжэнны ланцужок то вялікіх, то зусім дробненькіх чалавечкаў, якія трымалі ў руках чырвоныя сцягі. Нічога не зразумеўшы, Хвёдар адышоў убок і, паказваючы на чалавечкаў, тры разы смачна плюнуў.
Домна засмяялася.
— Яўмен кажа, што нельга харкаць на падлогу. Муштруе нас, як чорт які. Не так стаў, не так сеў. Трэба ўсё рабіць па канстытуцыі, як ён кажа.
— Твой Яўмен захварэў на панства! Хоць гол пакуль што, дык затое хванабэрыі шмат.
Домна нічога не адказала Хвёдару, толькі пальцам тыцнула ў бок дзвярэй. Там стаяла зграбна зробленая скрыначка з пяском.
Хвёдар вытрашчыў вочы:
— A-а! Пля-валь-ні-ца!
Домна рэзанёрна перадражніла Яўмена:
— Не плюй на падлогу, хвароба прыліпне!
Хвёдар падняў на смех Яўмена.
Адарцы раптам захацелася ўступіцца за Яўменку. Ей непірыемна зрабілася, што яго на смех падымаюць. Іншая справа, каб ён сам тут быў, тады, можа б, яна яго яшчэ з большым запалам лаяла, а цяпер Адарка прыпамятала, што і настаўніца ім пра гэта трубіла… Набраўшыся духу, яна перабіла Хвёдара:
— А я чула, што харкавінне высыхае, а там ёсць нейкія казюлькі, яны лётаюць у паветры і пралязаюць у чалавека…
— I Яўмен слова ў слова кажа, — кіўнула Домна.
Хвёдар падскочыў. Яму дужа не даспадобы было, калі яго жонка Адарка пачынала мудрагеліць ды вырашаць супранатуральныя пытанні.
— Скуль ты чула лухту гэту? — накінуўся ён на жонку.
— Настаўніца казала!
— Схавайся ты са сваёю настаўніцай! Торба святая! Казюлькі пралазяць у чалавека? А хто іх бачыў, гэтыя казюлькі?.. Чаму мухі, камарня ды машкарня не пралазяць?
Адарка не ўнімалася.
— Многа ты ведаеш? Цёмны ты гарбуз! Тамака такія казюлькі, што вокам не ўбачыш!
— Разумная знайшлася! Нехта падпарыў цябе! Калі не ўбачыш вокам, дык і няма!
Хвёдар не хацеў больш гаварыць на гэту тэму. З практыкі ведаў, што калі ўлезе д’ябал у яго жонку, дык ніякім вожыгам не выганіш яго адтуль, а толькі наслухаешся розных не вельмі прыемных для мужчыны мянушак. Лепш справіцца з ёю дома. Тады ён дасць Адарцы дыхту!
Адарка падсела да маткі і слухала яе. А матка гаварыла:
— Цяпер уся праца наша па гадзінах вядзецца. Як проклятыя працуем. Вунь, зірні! Павесіў плюгавы гадзіннік, ды мне здаецца, што ўсяродку ў мяне сядзіць ды тыхае, тыхае!
ІІ
Дзверы адчыніліся. Увайшла прыгожая маладзіца. Гэта была Матруна. Дала дзяньдобры, зірнула на гадзіннік, падышла да калыскі. Дзіцёнак яшчэ спаў. Яна схапіла вядро і выйшла з хаты. Домна кінула ёй услед:
— Падой спачатку Анпяратрыцу, а тады ўжо Антанту!
Хвёдар заёрзаў на лаўцы ад смеху:
— Хвароба на ўсіх вас! На выстаўку трэба Яўмена!
Домна тлумачыла:
— Дзве кароўкі ў нас ды кабыла! Нядаўна прывяла дужа добрага жарабочка. Дык Дзянікіным празваў. Спаклалі ўжо Дзянікінага гэтага самага…
Хвёдар памаўчаў троху, а потым пачаў усміхацца. Як відаць, надзвычайна ўдалая думка прыйшла яму ў галаву, і ён паспяшыў выказаць гэту думку. Лавіў толькі момант.
Домна жалілася, што сын ні ў чым яе не слухае: прасіла ў Яўмена на хустку, дык не даў, сказаў, што заробіць у лясніцтве — тады купіць, а цяпер газету трэба выпісаць. На газету ёсць, а матцы няма!
Домне ўсё, што ні рабіў яе сын Яўмен, здавалася дзікунствам. Каля сцяны стаялі тры тапчаны, засланыя саматканымі коўдрамі. Домна сказала: — Вунь, зірні! Упокат ужо не спім, як у старой хаце. Нарабіў тапчанаў, набіў сенам. Адным словам, як у заезджым дварэ. Хоць падарожных пускай.
Хвёдар, хітра смеючыся, запытаўся:
— Мамка, я чуў, ці праўда толькі гэта, што ты свайго Яўмена не менш як 8 дзён раджала?
Домна аўтаматычна кіўнула галавой.
Вярнулася Матруна з вядром малака. Радасна сказала:
— Зірні, маці! Анпяратрыца сёння яшчэ больш дала! Шклянак 30 будзе!
Адарка не паверыла.
— Не можа гэтага быць! Я ж ведаю гэтаю Анпяратрыцу! Гэта Красулька?
— Не Красулька, а Панедзя!
— Дык Панедзя яшчэ менш давала! Што ж вы ёй даяце? Нашу ж Пяцёну, каб яе агні высмалілі, цыркаеш, цыркаеш, усё жылле павыцягнеш, а ўсяго таго малака з дзвюх каровак — крупеню забяліць ды дзіцёнку.
Матруна пачала падрабязна тлумачыць пра Яўменавы «фокусы» з каровамі, пра турнэпс, бульбу ды буракі, што прыбаўляюць малака.
Домна зірнула ў вакно і заўважыла Яўмена.
Шапарнула Матруне:
— Выгань цялё ды парася, а не — лаяцца будзе.
— Не паспееш ужо! Убачыць, дык яшчэ смяшней будзе.
Яўмен ужо ўваходзіў у хату. Гэта быў чалавек гадоў 30, абголены, з шырокім тварам, высокім лобам і шапкай белых, як кужаль, валасоў. Высокі рост, шэрыя жывыя вочы, магутныя плечы і выпуклістыя грудзі — усё гэта рабіла Яўмена безумоўна прыгожым чалавекам.
Яўмен быў не менш рады гасцям, чым матка.
— Вось добра, што вы завярнулі! Даўно не бачыліся! Як жа вы жывяце?
Хвёдар глядзеў на Яўмена і не верыў вачом сваім.
Няўжо гэта Яўмен? Сталасць, самаўпэўненасць, задаволенасць! Адказаў, усміхаючыся:
— А што мы? Чапаемся патроху! А вось у вас дык усё дагары нагамі!
Яўмен раней добра ведаў Хвёдара, нават супольна быў з ім яшчэ ў старой арміі.
— Больш, — сказаў ён, — па-старому нельга жыць — затруць. Ды і самому хочацца жыць вальней, чысцей, хоць троху па-чалавецку. Вось на два дні адлучыўся, дык ужо свінушнік з хаты зрабілі — цялё ды парасё ўвалаклі!
Матка распалілася:
— Табе праціўна ўсё, што матка зробіць! У мяне няма бога ў сэрцы! На дварэ ж мароз, а цялё яшчэ дзіцёнак, няхай хоць пагрэецца!
— Ат! звыкліся ў гразі жыць! Смурод ды нечысць! Есць жа цёплая пуня!
Хвёдар усё ўглядаўся ў Яўмена:
— Да цябе цяпер і на кані не пад’едзеш! Усё хочаш жыць на шырокую нагу! Двор вялікі, нават тратувары паклаў…
— Не смейся, Хвёдар! На новым месцы трэба па-новаму і жыць. Я цяпер ніколі не звярнуўся б на старое месца, у вёску. Як падумаю, у якой цясноце ды крыўдзе жывяце вы, дык шкода мне вас! Не вёска, а пекла! Вулачкі, закавулачкі, праваліцца ім. Хата адна на другую лезе! Пажар, дык усё скіпіць! Hі кусточка, ні гаёчка. Гола ўсё, як калена. Дрэваў не любяць…
Дзіцё ў калысцы прачнулася і моцна заявіла аб сваіх правох. Матруна падышла да калыскі. Яўмен запытаўся ціха: а рукі не мыла?
Матруна адказала: «забылася!» — і пайшла да мыдельніка. Яўмен узяў на рукі Акіянчыка.
Дзіцёнак лыпаў вочкамі, плюшчыўся ад зімовага сонца! Адарка ўмяшалася:
— Адкуль ты чысцёхай такой стаў? Бажаволіш! Рукі пагнаў жонку мыць! А калі нам часта некалі не толькі памыць, а нават з’есці, як чалавеку?
— Што другое, а гэта трэба! А то свінням мяшала, з гаршкамі вазёкалася, а потым да дзіцёнка!
На дварэ з’явілася нейкая кучмастая галава і закрывала ў вакно:
— Яўмен вярнуўся ці яшчэ няма?
— Вярнуўся Яўмен, — адказаў ён сам. — Заходзь, Змітрок!
Увайшоў не дужа стары гаспадар і, даўшы дзяньдобры, адразу перайшоў да справы:
— З раёну прыйшлі па нашай заяве білеты на выйгрыш. Тады мы ўсе ўзялі ў складчыну. Па два рублі з двара. Дык ці ёсць у цябе?
— Ёсць, ёсць!
Хвёдар недаверліва паматаў галавою:
— Эйш ты! Не тое, дык другое, а ўсё вернуць на старое! На што гэта глупства — выйгрышы?
— Выйграеш чорта лысага.
Домна пачала бубнець Адарцы:
— Як на хусту прасіла, дык няма, а чорту ў зубы, дык ёсць.
Яўмен супакоіў:
— Будзе табе хуста, не звер, у лес не ўцячэ, а дзяржаве чаму не дапамагчы! Наша ж!
— Багата яна табе дала?
— А ці ж мала? Ці ж былі б мы тут, каб не яна?
Адарка нічога не разумела, нашто гэтыя білеты.
— А як не выйграеш, дык у вагонь кінеш?!
Хвёдар аўтарытэтна заявіў:
— Канешне, выйграе чорта лысага!
— Хоць не выйграем, страта невялікая! А грошы не прапалі, па білетах процанты даюць!
Перайшлі да сваіх сялянскіх спраў. Перабралі ўсё жыццё па костачках: колькі падатку наклалі, колькі ўжо сплацілі, колькі жыта намалацілі, які прыплод жывёла дала. А бабы пра лён, пра воўну казалі, пра суседзяў, пра забойствы, пра новых камандзіраў, пра камсамольцаў ды піянераў, якія ўжо паўсюды распладзіліся і гнуць сваю лінію! Шмат аб чым ёсць гаварыць, калі больш як 5 гадоў не бачыліся!
Госці начавалі, а як на другі дзень яшчэ ў досвітку з’язджалі яны з двара, Яўмен прасіў радню:
— Вясною прыязджайце. Тады будзе добра ў нас!
— Прыедзем, прыедзем! На твае фокусы, Яўмен, толькі й паглядзець! Здаецца, і сам заварыў бы кашу, зірнуўшы, як у вас усё як у гаршку кіпіць!
ІІІ
Вясною Хвёдар і Адарка зноў наведаліся на Яўменаў калектыў. Па ўсім раёне толькі і гаварылі што пра гэты пасёлак! Як уваліліся госці ў хату, Хвёдар пачаў крытыкаваць:
— Усё нутро адбілі, покуль праехалі па вуліцы. Як у горадзе, брукам выслалі. I тратувары, як у павятовым горадзе. Нават двор і той забрукаваў!
Хацелася яму завесці доўгія спрэчкі, ды цешча пасадзіла за стол і пачала частаваць.
Хвёдар захапіў з сабою гарэлку. Тлум падняўся. Зяць разышоўся і пайшоў атакай на Яўмена.
— Ты кажаш, што трэба жыць па плану, дружна, грамадой! Глупства! Грамадой пе разбагацееш! Вунь двор брукам выслаў, што з гэтага?! А што далей, што далей будзе? Што будзе з твайго пасёлку? Чуў я, што ты яшчэ нешта замышляеш?
— Што далей будзе? Лепш будзе, чым цяпер!
— Камунію будзеце заводзіць?
— А што ж? Мы не такія ўжо цёмныя! Наш пасёлак будзе, як у Нямеччыне! Галоўнае ў тым, што ўсё робім дружна, грамадой па плану. Цяпер будзе ў нас школа, хата-чытальня. Ніхто нам не дапамагае. Самі!
— На якога радзімца? — не ўнімаецца Хвёдар. — На шыю сабе лішні цяжар. Багацеі знайшліся!
— Я ведаю, што з вас ніхто б гэтага неўзлюбіў. У вас заікніся — дык заплююць.
— Скажу табе па праўдзе, — хітра кажа Хвёдар, — я першы забіў бы цябе, каб ты ў нас гэта пачаў…
— Чаму?
— Не даеш спакойна жыць!
— Не даю ў гразі калупацца! Так! Дык у турму сеў бы!
— Што ж там такое? Гады два адседзеў бы! Затое радзімца зжыў бы!
Яўмен смяецца.
— Слухай, што мы яшчэ надумалі! Цяпер будзем у вольны час гліну вазіць. Абмажам хаты ўсяродку і знадворку. Як у хахлоў будзе: і цёпла і чыста!
Хвёдар робіць сур’ёзны твар, хітра смяецца і просіць Яўмена:
— Скажы мне на міласць, ці не збіраецеся вы свае фізіяноміі вымазаць як усяродку, так і знадворку?
Матруна, Адарка, Домна (і нават маленькі Акіянчык) зарагаталі.
Яўмен весела сказаў:
— Смяешся ты з зайздрасці! Бачыш, што ў нас людзі ўзяліся за розум! Доўга спалі, цяпер перасталі быць дурнымі!
Домна стала за Хвёдара:
— Спалі, а цяпер дык зусім не спім! Апантаная нейкая ўссела. Вы толькі паслухайце! Яўмен кажа, што з будучага году будуць разам, кучаю, засяваць зямлю!
Хвёдар нічога не сказаў на гэта, ён пачухаў калена, тады пад пахай, перайшоў потым на спіну і як нейкую таемнасць паведаміў Яўмену:
— А ўсё-такі, хоць і культурны ты чалавек, блох у цябе ліха ведае колькі! Ці не гадуеш ты іх на сельскагаспадарчую выстаўку? Дык беражыся, калі кожная з іх ад вальготнага жыцця будзе па 10 пудоў. Як скокне на ляшку, дык задавіць і цябе і тваю культуру.
— Ну й лухту панёс! — спыніла яго Адарка. — Кінь ужо! Насусліўся! Дагаворышся чорт ведае да чаго!
Вылезлі з-за стала. Яўмен прапанаваў Хвёдару адпачыць, а сам сабраўся ісці да суседа, каб забраць у яго газеты.
— I я з табою пайду! — заявіў Хвёдар. — Палаюся яшчэ з тваім суседам.
Мужчыны выйшлі з хаты.
Праз некалькі хвілін у хату ўвалілася цэлая куча людзей на чале з Яўменам. Ззаду ўсіх плёўся Хвёдар. Усе былі ў незразумелым хваляванні. Яўмен прыбег без шапкі.
Бабы ўспалашыліся.
— Што? Што там? Гавары!
Яўмен махаў газетай і ва ўсю глотку, жадаючы перакрычаць усіх і самога сябе, як на трыбуне, гулка адчаканіў:
— Наш пасёлак выйграў! Гурра!
— Што выйграў, каб табе праваліцца! — сказала матка.
— 5000 выйграў.
Усе аслупянелі. Ніхто не паверыў гэтаму.
А Яўмен, супакоіўшыся троху, не звяртаючы ўвагі на страшэнны тлум, які ўзняўся ў хаце, гаварыў свайму суседу Змітраку:
— Цяпер у нас усё будзе! Трактар, клуб, школа, электрычнасць…
А матка заўважыла Адарцы:
— Цяпер у мяне хуста напэўне будзе!
1928