У 1967г выйшла першая кніга апавяданняў Паўла Місько «Калодзеж». У творах гэтага зборніка аўтар без празмернага дыдактызму, з дасціпным гумарам раскрыў шматлікія эстэтычна-выхаваўчыя і педагагічныя задачы («Як дзеда дзялілі», «Смажаны лёд, або апавяданне пра Несусветнага Хлуса», «Чараўнік Косця», «Як Саша ў космас лятаў» і інш.).
Дзеці часта становяцца ахвярамі несправядлівасці, маральнай абразы і з боку дарослых, і з боку сваіх сяброў-аднагодкаў. Так, у апавяданні «Каляндар сумлення» праз узаемаадносіны двух хлапчукоў Толі Васільева і Сцёпы Мармышкі, якія атрымалі ад настаўніцы адказнае даручэнне намаляваць для свайго класа каляндар надвор’я, раскрываюцца праблемы сумлення, годнасці, сяброўства, узаемападтрымкі. Калі Сцёпа не паспеў своечасова зрабіць сваю частку задання, Толя са сваёй бабуляй яму дапамаглі. Наступным жа днём яго сябар прыпісаў сабе аўтарства газеты. Фінальная карціна твора перадае ўзрушэнне хлопчыка ад падману, няшчырасці, двудушнасці яго сябра.
Глыбокім пазнавальным і выхаваўчым патэнцыялам вызначаюцца апавяданні Паўла Місько, у якіх паэтызуецца прырода роднага краю, праводзіцца ідэя непарыўнай сувязі чалавека і наваколля («Лясныя дарункі», «Восеньскім днём» і інш.) У гэтых творах аўтар вучыць дзяцей беражлівым адносінам да прыроды, знаёміць з рэдкімі прадстаўнікамі флоры і фаўны, акцэнтуе ўвагу на тым, што прырода дапамагае чалавеку сфарміраваць пачуццё прыгожага. Многія дзеці ў параўнанні з дарослымі яшчэ не страцілі адчування глыбокай унутранай еднасці з прыродай, далучанасці да патаемнага свету гармоніі, як, напрыклад, герой апавядання «Чараўнік Косця», які інтуітыўна адчуваў мову птушак.