Генадзь Бураўкін — Дыялог з мурашом

Генадзь Бураўкін

З вялізнай жоўтай саломінай –
Падгіналіся ногі аж –
Поўз па галінцы зломленай
Лупаты, лабаты мураш.

Спыніўся, каб дых перавесці.
I я падышоў да яго.
– Слухай, – кажу, – урэшце
Рвешся ты так чаго?

Ты ж ад работы чорны.
Аддыхайся, не спяшы.
Праўду пішуць вучоныя –
Дзіўныя вы, мурашы…

Ён сеў ля саломіны чынна –
Пот блішчыць на ілбе:
– Вам памагаюць машыны.
А мы ж усё – на сабе.

У вас і лазер, і атам,
I краны, і трактары.
А ў нас –
Шэсць лап слабаватых
Ды цёплае сонца ўгары.

У нас трэба ўсё самому.
На ўласным сваім плячы
Колькі цяжкіх саломін
Трэба прывалачы!

Выспацца нават некалі:
Лёг, а ўжо трэба ўставаць…
Паслухай,
Будзь чалавекам –
Не перашкаджай працаваць!..

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений