Генадзь Бураўкін — Хто раней…

Генадзь Бураўкін

Хто раней,

 хто пазней,

Толькі ўсе
Зноў і зноў
Мы прыходзім
Да простых,

 як хлеб і паветра,

Высноў:
Што жыццё чалавеку –
Любому –
Даецца адно,
I што,

 як ні надточвай,

Кароткае вельмі яно,
I што праўда на свеце
Адна –
Без крупінкі маны,
I што шчасця на свеце
Няма
Без сваёй стараны…
Колькі б ты ні мудрыў,
Як ні кідаўся б ты,
А прыходзіш
Да гэтай святой прастаты.
I ўзыходзяць
Над лесам
Пражытых табою гадоў
Непагасныя зоркі
Законаў бацькоў і дзядоў.
Прарастаюць зярняты
Яшчэ невядомых навук
На шырокіх далонях
Натруджаных рук.
I нідзе
Не схавацца
Ад сынавых ясных вачэй.
I на свеце тады
Жыць намнога цяжэй
I лягчэй.

1968

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений