Не залаты зусім,
не срэбны,
Быў на табе заўсёды ўбор
Звычайны самы,
самы зрэбны –
Зялёны луг ды сіні бор,
Каля дарогі жыта ў полі,
Вярба старая ля ракі
Ды ў жоўтым восеньскім прыполе
Рабін даспелых аганькі.
Ты не сляпіў вачэй.
Быў просты
Ва ўсе вякі твой родны ўзор:
Гаёў бялюткая бяроста,
Густы блакіт лясных азёр,
I лён, зусім як неба, сіні,
I ўсе ў рамонках берагі…
Мой беларускі,
мой адзіны
Край ад калыскі дарагі…
1966