Аплывае жывіца
Да карэнняў шурпатых.
Я прыйшоў пакланіцца
Да вас, Курапаты.
Сосны, нібы званіцы,
Над палянамі ўзняты.
Дайце ж мне памаліцца
На вас, Курапаты.
Дайце мне павініцца,
Курапаты.
А над вечным спакоем
У густой сіняве,
Як дыханне людское,
Аблачынка плыве.
Тут палеглі бязвінна
Песняры і салдаты.
Не ўтравеюць сцяжыны
Да вас, Курапаты.
Распіналі Айчыну
Дрот калючы і краты.
Дараваць не павінны
Мы вас, Курапаты.
Боль не знойдзе спачыну,
Курапаты.
Час мінулы, пракляты…
Сэрца горам працята…
Праклінаем вас, каты!..
Курапаты…
Курапаты…
А над вечным спакоем
У густой сіняве,
Як дыханне людское,
Аблачынка плыве…
Курапаты…
1987