Пакуль жывы,
Турбуйся аб жыцці,
Але пра смерць не забывай таксама,
Каб з першым і апошнім словам «мама»,
З якім у свет прыйшоў,
З яго пайсці.
Паспей для ўнука дрэва пасадзіць
I пыл з іконы старадаўняй сцерці.
I памятай заўсёды:
Толькі ў смерці
Ёсць права ўсё спакойна рассудзіць.
Не мітусіся лішне –
Усяго
Купіць,
Нагрэбці,
Нахапаць
Няможна,
I драбязу не пхні ў рукзак дарожны –
Ты ж хочаш сыну перадаць яго.
Не бойся смерці –
У тваёй крыві
Хапае і агню, і засцярогі.
Не саступай з абранае дарогі.
Пакуль жывы,
Жыві!
1995