Генадзь Бураўкін — Вочы сінія-сінія…

Генадзь Бураўкін

Вочы сінія-сінія…

Косы тугія…

Хтось шчаслівы, як кажуць, дзяўчыну хрысціў.
Трэба вытаптаць многа дарог,

каб другія

Вочы гэткія, гэткія косы знайсці.

Пра такіх, пэўна, казкі складалі ў народзе,
Надзяляючы сотнямі светлых імён…
А цяпер – гарманісты чародамі ходзяць,
Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон.

А яна – маладая ў сваёй прыгажосці –
Ні прызнанняў, ні песень не хоча яна.
Аднаго прычакаць бы ёй толькі у госці,
Ды з зямлёю яго абвянчала вайна…

Не згуляе вяселля той, хто гэтак абвенчан.
А яна ўсё чакае, верыць казачным снам,
Адганяе сватоў, што прарочаць:

не вечна

Будзе доўгай каса, будзе яркай краса.

I даўно з хаты ў хату і з вуха у вуха
Носяць бабы па вёсцы няўмольны прысуд:
Застанецца яна назаўжды векавухай,
Нізавошта састарыць, загубіць красу…

Я не знаю,

быць можа, і праўда, не трэба

Ёй, прыгожай такой, адзінокаю жыць.
Я ж яе разумею…

I вельмі хацеў бы

Вось такое каханне ў жыцці заслужыць.
 

1958

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений