Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Здарылася бяда. Маленькае варанятка ўпершыню ўскараскалася на край гнязда, але нечакана наляцеў парывісты вецер, і птушаня не ўтрымалася, звалілася ўніз. Падаючы, пабіла лапку і параніла крыльца. Перапалохаўшыся, забылася нават паклікаць на дапамогу сваю маму-варону, якая шукала корм побач, у двары дзевяціпавярховага дома. Кульгаючы на правую лапку, варанятка схавалася ў траве. I тут заўважыла, што з дзіцячага садка да яго кіруецца чорна-белы кот. Варанятка скеміла: трэба ўцякаць ад гэтага ліха. Дрыжучы ад страху, зашылася ў густы куст і вырашыла чакаць сваю маму.
Два хлапчукі, якія кідаліся камячкамі зямлі, заўважылі варанятка. Адшукалі дубчыкі і пачалі праганяць птушаня з куста. Але яно трымалася мужна і не пакінула свайго часовага сховішча. Хлапчукам надакучыла палохаць варанятка, і яны ўцяклі. Тут яго і знайшла маці-варона. Пакарміла, строга загадала не вылазіць з куста, а сама села на дрэва і ўсю ноч не заплюшчыла вачэй, пільнуючы варанятка.
Раніцай нейкі дзядзька вывеў на прагулку свайго сабаку. Сабака гойсаў па пляцоўцы без павадка і на ўсіх брахаў. Варанятка стаілася, але гаспадар сабакі заўважыў яго, пачаў цкаваць: «Хапай яго, Пірат! Кусай!» Да сына адразу ж прыляцела маці-варона. Яна бараніла яго з апошніх сіл. У доме насупраць каля акна сядзела бабулька, да слёз перажывала за варанятка і яго маці-варону. Але дапамагчы не магла: яна была вельмі старэнькая і ўжо не выходзіла на вуліцу. Бабулька слабенькай рукой стукала па шыбе алоўкам, спадзеючыся хоць так суняць раз’юшанага сабаку. Тады варанятка вырашыла само дапамагчы маці. Выбралася з куста, узмахнула крыльцамі і – дзіва! – узляцела на самую нізкую галінку бярозы. Імгненна побач з ім апынулася і стомленая маці-варона. Злы сабака ўжо не мог да іх дацягнуцца, а толькі хрыпла, з пенай на іклах, брахаў унізе. Варанятка моцна трымалася лапкамі за галінку.
– Патрывай яшчэ, сынок, – прасіла маці. – Набярэшся сілы, і мы ўзляцім вышэй…
Другую ноч варанятка спала ўжо побач з мамай, тулячыся да яе цёплага крыла. Раніцай з дома насупраць выбег хлопчык. Убачыў іх, пачаў цэліць з рагаткі. Маці-варона гучна каркала, нібы сарамаціла хлопчыка. Але ён не зважаў на яе крык, выбіраў для рагаткі буйнейшыя каменьчыкі. Адзін каменьчык балюча даў па лапцы, і варанятка рызыкнула ўзляцець. Ура-а! Атрымалася! Вецер падхапіў яго, і яны разам з мамай узляцелі высока-высока, на самы дах дома. Варанятка села на краёчак і глянула ўніз. Адсюль, зверху, дзядзькі і цёткі, сабака, хлопчык з рагаткай здаваліся ўжо не такімі вялікімі і страшнымі.
Да іх падляцеў дзядуля – стары аднавокі крумкач. Ён прынёс у дзюбе камень і сказаў варанятку:
– Вазьмі камень і кінь на сваіх крыўдзіцеляў. Яны некалі мне, малому, вока выбілі. I цябе ледзьве не загубілі.
Варанятка ўзяло камень у дзюбу і наважылася кінуць. Потым паглядзела на маці. Тая маўчала. Тады варанятка адклала камень убок і сказала:
– Не, не магу кінуць. Мне іх шкада. Яны не ўмеюць лятаць, як мы.
– Яны злосныя і жорсткія, – даводзіў дзядуля-крумкач.
– Можа, зробяцца дабрэйшымі, – адказала варанятка. – Няхай жывуць!
Маці абняла варанятка крылом і ласкава сказала:
– Ты будзеш шчаслівым, сынок, таму што ў цябе добрае сэрца.