Я цябе, празрыстая, не выдумаў, –
Анямела рад: не ўпершыню
За пясчанай крутабокай выдмаю –
Гул грудзей хістае цішыню!
Хто там прагугнеў,
што неба хмарыцца
І гудзе ад ветру галава?!
Думаецца хораша і марыцца
Ля твайго ўтравелага ручва.
Шапаці аерам, балацянкаю,
Напінайся ў плыні цецівой.
Я з табой, гарэзаю-бяглянкаю,
Загублю і сум,
і неспакой.
Біся ў берагі, вірыся ў завіху,
Звесялела мкні свой вадаграй.
Аднаго прашу:
ў нягоду-засуху
Не пыні жыцця – не высыхай!
Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.