Мікола Чарняўскі — «Акадэмія»… на колах

Мікола Чарняўскі

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Палявая дарога, выбітая грузавікамі, трактарамі ды вазамі, стужкай вілася ўдалячынь, то ўзбягаючы на пагоркі, то збягаючы з іх. Яны зелянелі ад канюшыны, жаўцелі ад аўсяных мяцёлак, разбягаліся ў стрэлках бульбяных разораў.
  Бульба/адцвіла, але яе лістота, цёмна-зялёная, разлапістая, прыпарушаная пылам, не думала вянуць ці засыхаць. Андрэйка думаў, што зараз яны мінуць бульбяны палетак, выберуцца на раўнейшую дарогу, ды бацька нечакана прытармазіў, шчоўкнуў дзверцамі. Сышоў з дарогі, пераступіў пяць ці шэсць разораў-баразён, нахіліўся над бульбоўнікам, пачаў прыглядацца да яго, расхінаць кусты рукамі. Праз хвіліну-другую, задаволены, вярнуўся да машыны.
  – Здаецца, усё нармальна… Не відаць разбойніка паласатага…
  – Тата, што ты там шукаў? Згубіў што ці так сабе?
  – Шукаў, каб не згубіць, – загадкава адказаў бацька.
  – А што ты можаш згубіць тут? – зноў пацікавіўся Андрэйка.
  – Тоны, дзесяткі тон бульбы.
  – Ты як скажаш, тата! На бульбе губляць… бульбу! – Яму здалося, што бацька пакеплівае з яго.
  – Пра жука каларадскага чуў? – ужо сур’ёзна запытаўся бацька.
  – Як не чуў? – здзівіўся Андрэйка. – Нават бачыў яго. Як божая кароўка, але крыльцы ў чорную палоску. Бабуля з агарода прыносіла, паказвала мне. Я яшчэ дапамагаў збіраць іх на бульбе ў бляшаначку і паліць на дарожцы. Аднаго разу бачыў, як гэты жук двор перапаўзаў…
  – На сваім агародзе яго і сабраць можна, – пагадзіўся бацька. – А на такім полі? Даводзіцца ядахімікаты прымяняць. Бо гэты жучок – шкоднік вялікі. Пражэрлівы надта. Калі не знішчыць у час, усё лісце на бульбе з’есць. Ты думаў, з бульбаю прасцей простага: вясною пасадзіў, улетку – абагнаў, увосень – выкапаў і, калі ласка, еш яе, гарачанькую, сопкую? О не! У яе столькі ворагаў! Калі каларадскага жука выявіць лёгка, дык нематоду не адразу разгледзіш. Надта ж хітрая, шэльма!
  – Хто, хто?
  – Нематода, – паўтарыў бацька. – Хітры, каварны вораг. Не лісце, а карані з’ядае, клубні. Калечыць – глядзець балюча! На нашых палетках гэтай шкодніцы, дзякуй богу, я пакуль не заўважыў, – працягваў далей бацька. – Мы з ёю яшчэ севазваротам змагаемся.
  – Чым, чым? – перапытаў Андрэйка.
  – Севазваротам, – паўтарыў бацька. – Як табе тут растлумачыць?.. На адным і тым жа полі мы не сеем запар адну і тую ж культуру. На гэтым полі, дзе мы стаім, летась жыта расло, наступнай вясною ячмень ці авёс з вікаю пасеем, потым лён. Бульба вернецца сюды не скора, гады праз тры-чатыры. Не дачакаецца яе тут нематода, згіне…
  Ён замаўчаў, потым зноў звярнуўся да Андрэйкі:
  – Ты не задумваўся, чаму я, калі збіраюся на рыбалку, прымушаю цябе капаць чарвякоў каля хаты, на сваім агародзе?
  – Бо яно бліжэй, – разважліва-ўпэўнена адказаў Андрэйка. – Не паедзеш жа іх у полі шукаць.
  – А ў полі іх асабліва і не накапаеш, – падхапіў бацька. – Разумееш, баяцца яны мінеральных угнаенняў, хіміі баяцца. Рэдка сустрэнеш цяпер у полі дажджавога чарвяка. А чарвяк – той жа плуг для зямелькі…
  Гэта было навіною для Андрэйкі. Ён ніяк не мог уявіць дажджавога чарвяка… плугам.
  Бацька, захапіўшыся размовай, даводзіў думку да канца:
  – Выходзіць, правільна людзі прыдумалі: «Век жыві – век вучыся». Ды ўжо не ў той акадэміі, дзе ўсё па кніжках ды на словах, а тут, у гэтай «акадэміі»… на колах. – I ён паказаў на машыну, на шырокі палявы прастор, што вабна і таямніча рассцілаўся перад імі. – Але хопіць лекцый. На колькі хвілін прычынім нашу «акадэмію». Ты згодны?
  – Калі трэба, то згодны. А куды цяпер?
  – Ёсць адзін палетак у мяне, за Гузельскай гарою. Баюся, ці не пераспела жыта на ім, ці не палегла. Зямля там камяністая. Спытаеш, чаму не прыбіраем каменне? Збіраем, сцягваем у крушні, а яно, ліха на яго, расце. Як пустазелле тое… Каб не ламаць тэхніку, вырашылі гэта поле апошнім убіраць. Але ж і ўраджай страціць можна, абсыплюцца каласы… Ды я яго на заметку ўзяў яшчэ па адной прычыне… – Бацька вымавіў апошнія словы загадкава, таямніча.

Сказать спасибо
( 7 оценок, среднее 2.86 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений