Нібы жывы,
Гамоніць вулей.
За пчолкай пчолка –
Наўздагон…
А дзядуля,
А дзядуля –
Лёг і слухае
Іх звон.
Ён ляжыць на ўзмежку ў садзе,
Пчолкі ж –
Нібы ў згодзе з ім:
Ні палохаць,
Ні кусацца
Не збіраюцца зусім.
Пчолы ўсе забылі быццам,
Што ў іх зброя –
Джалы – ёсць.
Іх дзядуля не баіцца,
Бо для пчол ён –
Свой, не госць.
На губах блукае ўсмешка –
Гэты грай
Старому люб…
Над сцяжынкай,
Над узмежкам
Мільгануў унукаў чуб.
– Што ты, дзедка, там чаруеш? –
Кажа ўнук,
Здзіўлены ўшчэнт.
– Ці ж не бачыш,
Ці ж не чуеш? –
Пчолак слухаю канцэрт.
Ох, і ўдала,
Ох, і ўдала
Могуць пчолкі ўсе іграць!
А цымбалы,
А цымбалы –
Іх званчэй
Не падабраць!
Ты паслухай, падзівіся.
Ды не бойся,
Стань бліжэй…
Раптам хлопчык
Аж узвіўся:
– Ой! –
І з саду ў двор хутчэй!
Засмяяўся дзед,
З дакорам
Наўздагон гукнуў:
– Ты што?
Уцякаць ад пчолак сорам,
І ўцякаць ад іх
Нашто?
Пчолкі ж гналіся, унучак,
Каб табе цымбалы даць,
Каб і ты
На іх, пявучых,
Як яны ўсе,
Мог пайграць!