Мікола Чарняўскі — Як Мікітка… сукенку з’еў

Мікола Чарняўскі

Звярніце ўвагу! Поўны змест.
 
  Прыехаў Мікітка да бабулі Алены ў госці. Пачаставаліся, тады бабуля і пытае:
  – А ты, Мікітка, не забыў беларускія словы, добра ведаеш іх?
  – Не, не забыў, – упэўнена адказаў унук, запіхваючы ў рот цукерку. – Можаш праверыць, як я гавару.
  – Тады зробім так, – ажывілася бабуля Алена. – Я спачатку буду вымаўляць словы па-руску, а ты – пераказваць іх за мною па-беларуску. Перакладчыкам будзеш. Дамовіліся?
  – Дамовіліся, – згадзіўся ўнук і заадно пацікавіўся: – А што робіць перакладчык?
  – Зараз пабачыш сам, – яшчэ болей ажывілася бабуля і пачала падшукваць у памяці словы, якія можна было б задаць унуку. А Мікітка пасур’ёзнеў, нават цукерку за шчакою прытрымаў. Бабуля ж пачала:
  – Клюква.
  – Журавіны.
  – Лук.
  – Цыбуля.
  – Картошка.
  – Бульба.
  – Сахар.
  – Цукар.
  – Бумага.
  – Папера.
  – Аист.
  – Бусел…
  Гэтак перабралі дзясяткі з два слоў.
  Убачыўшы, што ўнуку ўсё даецца лёгка, бабуля Алена прапанавала:
  – А цяпер давай наадварот зробім. Будзем словы перакладаць з беларускай мовы на рускую.
  I ўжо на першым слове нечакана спатыкнуліся.
  – Сукенка, – вымавіла бабуля Алена, з усмешкай зірнуўшы ў вочы ўнуку.
  – Канфента, – хуценька пераклаў Мікітка і языком перакінуў «канфенту», як ён па-свойму вымаўляў, за другую шчаку.
  – Авой! – прытворна здзівілася бабуля Алена. – Няўжо ты можаш з’есці… «платье»? Сукенка – па-руску «платье»!
  – Не, бабуля, ты жартуеш, – пакрыўдзіўся Мікітка. – Я добра ведаю, што цукерка – гэта «канфента».
  – Дык я ж пра сукенку гаварыла, – аж крышку разгубілася бабуля Алена.
  – А я пра цукерку, – соладка прыцмокнуў Мікітка.
  Абодва задаволена рассмяяліся. Асабліва радаваўся Мікітка: пабыў жа перакладчыкам. А што не дачуў трошкі – з кім такога не бывае?

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений