У аповесці "Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі" апісваюцца падзеі аднаго месяца з жыцця хлапчукоў-аднагодкаў Жэні Мурашкі, Жэні Гаркавага, Васі, Сярожы, Паўлушы і яго малодшага брата Геніка, які ходзіць яшчэ ў дзіцячы садок.
Галоўны герой Жэня Мурашка разам с сябрамі штодня трапляе ў недарэчныя сітуацыі: блуканне ў падвале дома, куплянне ката, абвал выкапанай пячоры, знаходка бомбы ў затоцы Нёмана і інш. Дзеці вясёлыя, гарэзлівыя, дапытлівыя. Ім не заўсёды ўдаецца быць акуратнымі і культурнымі, здзяйсняць свае абяцанні, дакладна выконваць даручэнні старэйшых. "Негатывы" ў паводзінах хлапчукоў не застаюцца не заўважнымі бацькамі, якія жадаюць сваім дзецям толькі дабра. Дарослыя імкнуцца выхаваць старанне і цікавасці да выканання школьных заданняў, клапоцяцца пра здароўе сваіх дзяцей. Гэтыя турботы нярэдка аказваюцца празмернымі, што відаць, напрыклад, з анекдатычнага лекавання мамай-медыкам драпін Жэні Мурашкі. У той жа час бацькам, заклапочаным сваімі справамі, не заўсёды ўдаецца далучыцца да праблем дзяцей, зразумець, што свавольныя гульні маленькіх навасёлаў — адзін са сродкаў пазнання складанага навакольнага свету. Станоўчы ўплыў на сяброў зрабіў іх сусед па двары Лявон Іванавіч. Дзеці бачаць у Лявоне Іванавічу добрага сябра і дарадца, арганізатара незвычайных мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні вуліцы і двара. Галоўнае, што ён ставіцца да хлапчукоў як да роўных, давярае ім таямніцу "трох не". Пад уплывам гэтага чалавека дзеці пачынаюць усведамляць сваю адказнасць за таварышаў. Непаслушэнства дзяцей амаль не скончылася трагедыяй з Васем. Дзядзька Лявон развівае фізічную вынослівасць дзяцей, даручае ім самім зрабіць тэатр лялек, намаляваць эскізы будучых герояў, зляпіць фігуркі дзіўных чалавечкаў, што павінна было спрыяць фарміраванню ў школьнікаў такіх якасцей, як творчае мысленне, самастойнасць, працавітасць, цярпенне, акуратнасць, беражлівасць. Паступова ў дзяцей фарміруецца пачуццё адказнасці, яны вучацца кантраляваць свае ўчынкі і паводзіны. Хлопцы-навасёлы нароўні з дарослымі ўдзельнічаюць ў добраўпарадкаванні свайго двара, шукаюць з Лявонам Іванавічам саджанцы, уласнаручна садзяць кусты і дрэўцы.
Фіналам гісторыі Жэні Мурашкі становіцца пастаноўка хлапчукамі лялечнага спектаклю для ўсіх навасёлаў свайго двара, калі дзеці змаглі па-сапраўднаму адчуць сябе артыстамі, пацвердзіць адказнасць за агульную справу.