Раіса Баравікова — Птушачка

Раіса Баравікова

Бабіна дарога ад печы да парогa.

Прымаўка

Патопчацца на досвітку ў двары,
свяцілу ўстаць з-за лесу дапаможа…
«Ты, сонейка, дзень добры сатвары», –
ўздыхне яна дый сядзе на парожак.

I будзе доўга, ціхая, глядзець
у неба з яснатою галубінай,
і да сябе падцягне ночвы з глінай,
і стане над падатлівай карпець…

Нязвыкла пуста ў полі i ў гаях,
бяроза без лісця дрыжыць над склепам,
мінаюць дні, а цётачка ўсё лепіць:
«Хутчэй ляпіся, птушачка мая…»

Ужо напіўся ўволю луг дажджу,
акраўкі хмар з ляшчын здымае вецер…
– Што робіш, баба? – пасмяюцца дзеці.
– Ды на па рожку, мілыя, сяджу…

Збанкі і чыгункі тырчаць на плоце,
прыблудны цуцык трэцца каля ног,
ды знаў бы хто, – жыццё прайшло

ў палёце,

хоць і было ў ім – печка ды парог.

1985

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений