Ужо на тры замкі закрыўся жмінда
і недзе перад ложкам ловіць моль,
а па садах згалелых ходзіць крыўда,
я чую — дрэвы скардзяцца на золь.
Слата, слата… а ў позірку чаканне,
бы феерверкам выбухне зіма…
Прымроіцца, як ясны дзень, каханне,
цьфу на яго! Яно заўжды чума.
Гартае свет турбот будзённых кнігу,
нямала ў ёй старонак для мяне,
і круціць лёс, нібы разводдзе крыгу,
не сплю…. Чакаю сонейка ў акне.
1987