Рыгор Ігнаценка — Дупляначка

Рыгор Ігнаценка

  Дзьмуў лёгкі веснавы ветрык. Бяроза, пад якой я сядзеў, тонка звінела крыштальным звонам.
 Учора прайшоў першы дождж. А ноччу падмарозіла. I дажджавыя кроплі на галінках ператварыліся ў ільдзінкі. Яны біліся адна аб адну і звінелі.
 Слухаючы крыштальны звон над галавою, я агледзеўся. Справа ад сябе ўбачыў струхлелую асінку, а ў ёй – дупельца.
 Цёмны хвосцік то знікаў у дупельцы, то зноў паказваўся. На зямлю пад асінку сыпалася жоўтая пацяруха.
 Вось яно што! Аказваецца, нехта сабе дом будуе. Але хто? Якая птушка можа выдзеўбці дупельца, у якое з цяжкасцю два пальцы прасунеш?
 Я падышоў бліжэй, падняў з зямлі сучок і кінуў у асінку. Кінуў, а сам за елачку схаваўся.
 Хвосцік імгненна знік. З дупельца выпырхнула птушачка. Села на галінку і спалохана зацінькала.
 Гляджу: сініца-гаічка.
 Вось ужо не думаў, што сініца цяслярскай справай займаецца. Дзяцел – вялікі, дзюба ў яго моцная – сапраўднае долата. А гэта дупляначка сама з арэх, дзюбка слабенькая, тонкая, як шыльца. Аднак таксама ў лясныя цесляры нанялася.
 Я ціха адышоў ад асінкі, каб не перашкаджаць птушачцы працаваць.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений