У нашай вёсцы, адразу за дамамі праз рачулку перакінуты драўляны мосцік. I мы, і жыхары з процілеглага берага ўвесь час карыстаемся ім. З цягам часу некаторыя дошкі ў мастку падгнілі і праваліліся. Удзень па ім можна яшчэ прайсці так-сяк, а ўвечары і ўначы – небяспечна.
Я ўзяў аполкі , скрыню з інструментам, падышоў да мосціка і стаў забіваць дзіры. Неўзабаве каля мяне спыніўся хлопчык год васьмі і спытаў:
– Што вы робіце?
– Мосцік рамантую, – адказваю.
– А навошта?
– Як гэта навошта? Вось будзе ісці старэнькі дзядуля або слабая бабуля – і пакалечыцца тут. Хіба ж гэта добра?
– Вой! – захваляваўся хлопчык. – Дык па ім жа і мае мама з татам ходзяць.
– Тым болей, а ты пытаеш – навошта.
Тут хлопчык ахвотна пачаў дапамагаць мне. Аполак трымае, калі я пілую. Малаток ці цвік падасць. I справа ў нас пайшла весялей.
– Як жа цябе зваць, памочнік? – пытаюся.
– Дзіма.
– Ну вось, Дзіма, адрамантуем з табой мосцік, можа, хтосьці і падзякуе нам за гэта.
Калі заладзілі апошнюю дзіру, хлопчык сказаў:
– Давайце цяпер гэты мосцік будзем называць нашым.
– Што ж, няхай будзе нашым, – спадабалася мне прапанова.
Скончыўшы справу, я ўзяў скрыню з інструментам і накіраваўся дадому. А Дзіма пайшоў далей сваёй дарогай.
Сустрэліся мы з маім памочнікам толькі восенню. Хлопчык падказаў:
– Зноў наш мосцік трэба рамантаваць.
– Трэба, Дзіма, – адказваю. – Але вось бяда: апошнім часам у мяне так пагоршыўся зрок, што я не бачу добра цвіка, каб забіць яго ў дошку.
– Дык я адзін зраблю, – запэўніў Дзіма.
I зрабіў. Ён шчыльна залажыў дзіру круглымі паленцамі і прымацаваў іх цвікамі да лаг-бярвенняў. Зноў мосцік стаў прыгожым і бяспечным.
– Малайчына! – пахваліў я хлопчыка. – Ты адрамантаваў мосцік адзін, без мяне. I цяпер называй яго сваім.
– Не, – запярэчыў Дзіма, – няхай будзе па-ранейшаму нашым.
– Ну што ж, нашым дык нашым, – пагадзіўся я. – Галоўнае, добрая справа зроблена.