Рыгор Ігнаценка — Патрэбная справа

Рыгор Ігнаценка

  Калісьці дзядуля Міхал сам быў лесніком. А цяпер ім стаў яго сын, а Сяргейкаў бацька. I хоць дзядуля ўжо старэнькі і слабы, але з лесам усё яшчэ не расстаецца, тое-сёе робіць у ім. Ды і ўнука гэтаму вучыць.
 Вось пад маладой елачкай вялізны мурашнік узвышаецца. Дзядуля з унукам падыходзяць да яго, аглядаюць. Дзядуля тут жа непадалёк выбірае ў гушчары і ссякае маладую хвойку. Паваленае дрэўца яны абцярэбліваюць ад галля і распілоўваюць на некалькі частак. Дакладней кажучы, дзядуля разразае, а Сяргейка толькі дапамагае яму: трымае доўгую жардзіну. Потым дзядуля сякерай завострывае канцы ў палках і забівае іх у зямлю. На гэтыя калкі кладзе жэрдкі і прыбівае іх цвікамі. Такім чынам вакол мурашніка ўтвараецца агароджа. Сяргейка хуценька вымае з торбы невялікую дошчачку. На ёй друкаванымі літарамі напісана «Квартал». А пад ім парадкавы нумар. Дзядуля прыбівае дошчачку да калка і прымацоўвае да агароджы.
 – А навошта мы гэта, дзядуля, робім? – цікавіцца Сяргейка.
 – Каб лось нагою на мурашнік не стаў альбо дзік не разрыў. Ды і чалавек без патрэбы не будзе мурашнік непакоіць.
 – А калі хто разрые, дык што будзе?
 – Як гэта – што? Мурашкі пагінуць, – адказвае дзед.–А яны ж вельмі патрэбныя лесу.
 – Навошта?
 – Розных шкодных вусеняў, жукоў і іх лічынак знішчаюць. Апрача таго, смецце ў лесе падбіраюць. Бачыш, колькі яго тут мурашкамі сабрана.
 Дзед Міхал сеў на купіну адпачыць. А Сяргейка пачаў за мурашкамі назіраць.
 А яны, не зважаючы на хлопчыка, кожная сваім займаецца. Хто хваінку да жылля цягне, хто травінку якую ці пялёстак. Ніхто так не сядзіць.
 – Дзядуля, глянь сюды! – неўзабаве ўсклікнуў хлопчык.
 – Што там такое? – азваўся дзед.
 – Мурашкі нейкую вялікую муху ў мурашнік цягнуць!
 – А чаму ж ім не цягнуць? У гаспадарцы спатрэбіцца, – адказвае дзед.
 – А во вусень! Цэлым гуртам яго валакуць! Ды як дружна!
 – А ты ж пытаеш, навошта мурашкі. Там, дзе ёсць мурашкі, лес заўсёды здаровы і чысты.
 Дзед памаўчаў з хвіліну і дадаў:
 – Вось і мы сёння з табой, унучак, дапамагаем мурашкам, а заадно, вядома, і лесу. Каб ён быў чысты і здаровы. Справа гэта, як бачыш, не складаная. Але вельмі патрэбная.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 2.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений