Рыгор Ігнаценка — Вясна ідзе

Рыгор Ігнаценка

  Уздоўж сцежкі, што вядзе ў школу, дзівоснымі фігурамі ўзвышаюцца высокія гурбы снегу.
 У белых футрах бязладна тоўпяцца кусты кучаравага алешніку. Нібы на свята, у лёгкае адзенне прыбраліся стройныя бярозкі, маладыя рабінкі, каржакаватыя дубкі. А высокія панурыя елкі апрануліся ў цёплыя халаты, ды так і стаяць сабе, бавячы час. Ад дрэў і кустоў на белым іскрыстым снезе ляжаць доўгія цені. Ух як холадна! Бр-р-р…
 Глядзіш на ўсё гэта, і здаецца, быццам зіме яшчэ канца-краю не відаць.
 Але вось раптам у агародчыку заспявала сініца. Ды так звонка, заўзята! Нібы сярэбраны званочак зазвінеў. Міжволі спынішся і з хваляваннем слухаеш гэтую вясёлую жыццярадасную песеньку. А жаўтагрудая спявачка не заўважае ні гурбаў снегу, ні белага ўбрання на дрэвах, ні моцнага марозу. Ляціць і ляціць ва ўсе бакі заўзятая песенька-заклік.
 Неўзабаве яе падхопліваюць іншыя птушкі. Песня шырыцца, расце.
 Выйшаў з цёплай хаты на двор сівы дзядок з кіем у руцэ. Дыхнуў свежым марозным паветрам, уважліва агледзеў блакітнае неба і раптам загадаў дзецям: – Ану, хуценька кідайце свае зімовыя забавы ды вясну сустракайце!
 – А дзе яна, дзядуля, вясна? Дзе?..
 – А сініцы вось з вераб’ямі, хіба не чуеце, як спяваюць?
 – Чуем, – хорам адказалі малыя.
 – Гэта і ёсць вясна.
 – Ура-а-а!..– закрычалі дзеці, падкідваючы высока ўгору свае лапавухія шапкі-вушанкі. – Вясна Ідзе! Вясна ідзе!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений