Творчасць Аляксея Пысіна

Аляксей Пысін

  Аляксей Пысін быў паэтам высокага майстэрства і арыгінальнасці, што, як і многія іншыя беларускія паэты, выпрацаваў свой індывідуальны стыль напрыканцы 50-х, а ў наступнае дзесяцігоддзе апублікаваў некалькі цікавых паэтычных зборнікаў. Ён нарадзіўся 22 сакавіка 1920 г. у вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці; з 1937 па 1939 г. вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску, пазней, у 1958 г., скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У перыяд з 1939 па 1941 г., а таксама і наступнае дзесяцігоддзе пасля вайны Пысін працаваў ў шэрагу правінцыйных газет. У час вайны ён змагаўся на розных франтах, і гэты ваенны досвед знайшоў адлюстраванне ў ягоных шматлікіх вершах 50-х гг. Нягледзячы на тое, што першая публікацыя Пысіна адбылася ў 1938-м, свой першы зборнік «Наш дзень» ён выдаў толькі ў 1951 г. Яго вельмі ўдала дапоўніў зборнік «Сіні ранак» (1959). У гэтым апошнім зборніку добра бачна стаўленне паэта да вайны, і з-за стылістычнай стрыманасці яно здаецца яшчэ больш праніклівым. Добрым прыкладам таму можа служыць верш «Дуб» (1957):

Здрыгануўся дуб стары ў даліне,
Дзе акопы зараслі травой:
Гэта незнарок ў асколак міны
Грукнуў дзяцел дзюбаю сваёй.

 Іншы верш, напісаны ў наступным годзе, спалучае ўспаміны пра вайну і ярка выражанае патрыятычнае пачуццё аўтара:

 

Не ведаю, якім вузлом
Навекі я прывязан
Да старых сосен за сялом,
Да яблынь, груш і вязаў,

Да кладак гладкіх,
Валуноў,
Да траў, жытоў на ўзлесках,
Да партызанскіх курганоў
I помнікаў гвардзейскіх…

Адно я знаю: гэткі меч
На свеце не скуецца,
Каб мог ён вузел мой рассеч,
Не закрануўшы сэрца.

 Аднак толькі ў сярэдзіне 60-х Пысін дасягнуў свайго найвышэйшага ўзроўню як паэт. Ён піша на шматлікія тэмы, некаторыя з іх добра знаёмыя, іншыя – тыповыя для таго новага, адносна ліберальнага, часу, а некаторыя – досыць арыгінальныя і дасюль звычайна ігнараваныя. Такой вось тэме прысвечаны, напрыклад, верш «Баркулабаўскія салаўі» (1964), які больш чым проста намякае на ўсе цяжкасці і пакуты (звычайна такой рамантызаванай) працы на цалінных землях Савецкага Саюза, як гэта відаць з трэцяй і чацвёртай строфаў верша:

 

Ля чорнай кладкі плавала
Гусінае пяро.
Дзяўчыну з Баркулабава
Павезлі за Дняпро.
Палонам ёй і згубаю
Той род чужы і дом:
Лепш кукаваць зязюляю
Ў матулі пад акном.

 У гэты час Пысін таксама праяўляе моцны духоўны бок сваёй паэтычнай сутнасці, што бачна ў выдатным вершы пра рыжскі сабор «Домскі арган» (1964), у якім чалавек, што быў членам камуністычнай партыі з 1944 г., адчувае эстэтычную асалоду, амаль рэлігійнае натхненне, адлюстраванае, што тыпова для Пысіна, праз вобразнае апісанне прыроды. Гэтае пачуццё становіцца асабліва яўным у трох апошніх строфах.
 Іншы выдатны твор гэтага перыяду, верш «Забыта многае ў жыцці…» (1965), прысвечаны Сцяпану Гаўрусёву, маладому паэту, з якім пазней Пысіну было наканавана супрацоўнічаць у сферы перакладаў. У ім паэт знаходзіць адказ на праблему забыцця, выкарыстоўваючы тыповы для беларусаў вобраз жыта – адной з самых распаўсюджаных збожжавых культур Беларусі.
 Кніга «Мае мерыдыяны» (1965), магчыма, стала ці не сапраўднай вяршыняй паэтычнай кар’еры Пысіна. Пазней убачылі свет і іншыя ягоныя ўдалыя працы, такія цудоўныя зборнікі, як «Твае далоні» (1967), «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974) і «Ёсць на свеце мой алень» (1978). З іншага боку, пяць паэм Пысіна, здаецца, былі менш удалымі за ягоныя кароткія вершы, хаця калі іх не было б з чым параўноўваць, то нават такіх твораў, як «Жураўліны бераг» (1964) і «Белы камень» (1965) было б дастаткова, каб убачыць у іх шчырага, шчодра адоранага паэта. Асабліва паспяховымі былі тры кніжкі вершаў для дзяцей: «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964) і «Колькі сонцаў» (1979).
 Творчасць Пысіна адрознівае тэматычная разнастайнасць, арыгінальнасць, моц, энергія, вобразны лаканізм і прамы, калі-нікалі жорсткі стыль пісьма, пры дапамозе якіх паэт перадае глыбокія думкі і малюе захапляючыя карціны.

Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений