Уладзімір Ягоўдзік — Рыжык

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.
 
  Я прыехаў у гэтую ціхую прырэчную вёсачку зімой. Вечарэла. Хаты, хлявы, сцяну лесу адразу за гародамі і садамі ахутвалі шэрыя прыцемкі. З сівага, калматага неба церусіліся дробныя сняжынкі. Я быў адзін, хто выйшаў тут з аўтобуса. А на прыпынку, як і па ўсёй вуліцы, – больш ні душы. У каго ж спытаць, дзе можна ўладкавацца нанач?
  Стаю ў няведанні, азіраюся то ў адзін, то ў другі канец вёскі. Ужо намерыўся падацца да бліжэйшай хаты, аж раптам хтосьці штурхнуў мяне ззаду ў нагу і запрашае: «Пр-р-росім, пр-р-росім…»
  Ад нечаканасці я ледзь не выпусціў бляшаную скрынку з усялякім рыбацкім начыннем. Паварочваюся – стаіць каля мяне кот. Рыжы-рыжы, як ліс. I важны такі. Вусы ганарыста тырчаць убакі. Адно вуха надрана. Трэцца аб мае ногі і ўсё вуркоча-паўтарае: «Пр-р-росім, пр-р-росім…»
  – Апсік, каб цябе! – раззлаваўся я.
  Тут ноч насоўваецца, няма дзе галаву прыхіліць, а яму ўжо рыбку падавай. Вы думаеце, мой новы знаёмы спалохаўся? Дзе там! Адбег мо на два крокі і спыніўся. Стаіць, пазірае на мяне, быццам за сабою ісці запрашае. Што мне было рабіць? Закінуў я на левае плячо ледасек, ямчэй павесіў на правае скрынку-крэсельца і пасунуўся за дзіўным павадыром. Не можа быць, думаю сам сабе, каб у такога разумнага ката ды не было цёплай печы, добрых, гасцінных гаспадароў.
  Вёсачка – невялікая, і я неўзабаве апынуўся ў самым канцы вуліцы. Далей, за крайняю хатаю, цёмнаю хмараю падымаўся лес. Рыжык – так я назваў ката – спыніўся акурат насупраць веснічак апошняй сядзібы. Пачакаў, пакуль я падыду бліжэй, і слізгануў на заснежаны надворак з цыбатым калодзежным жураўлём каля плота.
  Хата, перад якою я апынуўся, была як і ўсе астатнія вясковыя хаты. Такая самая – ды не зусім. Над вясёлымі, пафарбаванымі ў блакітны колер вокнамі, што былі ад вуліцы, я ўбачыў драўлянае, прымацаванае да шчыта сонейка з прамянямі-дошчачкамі ва ўсе бакі. I так яно радасна, па-вясноваму ўсміхалася, што навокал увачавідкі пасвятлела.
  Я смела павярнуў на надворак. і толькі ступіў на невысокі ганачак – дзверы адчыніліся. На парозе стаяла бабуля ў цёплай хустцы на галаве. Яна быццам даўно чакала-выглядала мяне з аўтобуса.
  – Добры вечар! – прывітаўся я і толькі намерыўся прасіцца нанач, расказаць, хто мяне сюды прывёў, як гаспадыня азвалася спеўным матуліным голасам:
  – Заходзьце, заходзьце, цесна не будзе!
  Бабуля нагнулася, узяла ў рукі ката, які так і лашчыўся да нас, пагладзіла пестуна па спінцы.
  – Каго-каго, а рыбакоў ён шануе… Аўтобусны расклад – як вучні табліцу множання – назубок вывучыў. Суседзі смяюцца: у цябе, Анюта, не хата, а дом рыбака. А я ім у адказ: не дораг абед, а дораг прывет. Праўда, Рыжык?
  «Пр-р-раўда, пр-р-раўда…» – правуркатаў-пагадзіўся з гаспадыняю кот, а ў самога ў хітравата прыжмураных вачах быццам залатыя акунькі скакалі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений