Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.
Гаманіў бор сасновы
Ўвечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.
– Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі,
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі.
Спі, не ведай трывогі,
Надыдзе часінка, –
На свае ўстанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.
Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаць долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.
Як набралася моцы
Матчына дачушка,
Паляцела да сонца
Пералётнай птушкай.
Паляцела дзяўчына
Самалётам гонкім
Над шчаслівай краінай,
Над роднай старонкай.
Адчыняе вароты
Нябесным маршрутам
Ці, як ястраб, з высотаў
Скача з парашутам.
I да сонца праз хвілю,
А ўсё вышай, вышай!
Самалётавым крыллем
Воблакі калыша.
Стара маці днём, ночкай
Марыць ля аконца:
Ужо к прасніцы дочка
Не зляціць з-пад сонца.
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.