Паэму "Безназоўнае" Янка Купала напісаў у 1924 годзе. Гэта адзін з самых неадназначных твораў паэта. Многія вобразы і сімвалы можна тлумачыць шматзначна, іншыя — зусім не паддаюцца тлумачэнням.
Інтрыгуючая ўжо сама назва твора. Чаму Янка Купала не выносіць у загаловак словы "Беларусь", "Радзіма", пра што і ідзе гаворка ў творы, а называе паэму прыдуманым словам "Безназоўнае" — тое, што не мае назвы?
Відаць, прычын гэтага было некалькі. Па-першае, палітычныя абставіны вымушалі Янку Купалу (як кажа Мікіта Зносак, герой п’есы "Тутэйшыя") "дабравольна" хваліць уладу і тыя змены, якія яна прынесла з сабой, хоць на справе паэт добра разумее, што Беларусь, атрымаўшы на паперы статус незалежнай дзяржавы, цалкам падпарадкоўваецца палітыцы Савецкай Расіі. Такая разбежнасць палітычнай зададзенасці і ўнутранага светаадчування і выклікае супярэчлівую напоўненасць многіх вобразаў і фрагментаў паэмы.
Невыпадкова ў 1930 годзе ў часопісе "Узвышша" (№ 4-5) пра Янку Купалу і яго твор пісалі: «Ён і прыняў рэвалюцыю, калі яна перайшла ў далейшыя формы развіцця, перш за ўсё толькі таму, што яна дала нацыянальнае вызваленне і вызваленне сіл ад паншчынных бядот. Але гэтага моманту нельга пераўвялічваць, тварыць з Купалы песьняра рэвалюцыі пралетарскай, што ён паказаў яе шырокі размах, як гэта робяць услужлівыя людзі. Трэба быць вельмі наіўным, каб усьлед за імі гаварыць, што ў "Безназоўным" "выразна выступаюць матывы пралетарскай паэзіі", што "мастацкі пэндзаль Купалы з захапленнем рысуе шырокі размах пралетарскай рэвалюцыі"… Трэба проста не разумець ні "матываў" пралетарскай паэзіі, ні характару самой пралетарскай рэвалюцыі, каб дайсці да такога "откровения". Няма ў "Безназоўным" ні таго, ні другога».
Такая ацэнка купалаўскага твора ў тыя гады фактычна з’яўлялася палітычным даносам, бо якраз у гэты час сталінскі рэжым у Савецкім Саюзе і ў Беларусі пачынае змаганне з так званымі "нацдэмамі" — прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі. Сёння (з адлегласці часу, калі адышоў у нябыт палітычны момант) такое вытлумачэнне купалаўскіх адносін да рэвалюцыі ў многім выглядае слушным.
Але ёсць і другая прычына неадназначнага прачытання твора, звязаная з яго эстэтычнымі асаблівасцямі. "Безназоўнае" — твор эксперыментальна пошукавы, заснаваны на алюзіях і асацыяцыях, з выразным выкарыстаннем набыткаў сімвалісцкай эстэтыкі. Эмацыянальна-вобразна, звяртаючыся да фальклорнай і кніжнай сімволікі, Купала перадае ў паэме гістарычныя шляхі, якія прайшла Беларусь, каб стаць гаспадыняй ва ўласным доме:
Было яно калісьці,
Калі, як жаўталісце,
Жылі мы — не жылі;
Ішлі дні без карысці,
I сорам было выйсці
У свет з сваёй зямлі.
Гнаў лісце злосны вецер
Па полі, па ўсім свеце,
За вёску, за сяло;
На нас ляцела смецце,
Бязладдзе, беспрасвецце,
Пятлю віло сіло.
Здаецца, мара Купалы збылася, вынікае з тэксту твора. Традыцыйны для творчасці паэта біблейскі архетып вяселля, перададзены ў паэме з выкарыстаннем стылістыкі фальклорнай песні, гучыць як падагульненне яго надзей на дзяржаўную незалежнасць Айчыны:
Беларусь на куце
У хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Вобраз маладой, што сімвалізуе Беларусь, у творчасці Купалы заўсёды адназначны. Напрыклад, у вершы "Паязджане" вобраз-сімвал Маладой-Беларусі больш цьмяна-асацыятыўны, чым у "Безназоўным". У тэксце паэмы Беларусь падчас "вяселля" адлюстроўваецца як "сама сабе гаспадыня". Але тут жа радкамі "Спраўляюцца заручыны Вясельніцы засмучанай З вясёлым жаніхом" паэт, як быццам, ставіць пад сумніў аптымістычную карціну вяселля дасягнення палітычнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.