Янка Купала — Курган

Янка Купала

    I

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт1 уцяклі, —
Ўдзірванелы2 курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку3 воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, —
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ…
Толькі гутарка ходзіць такая.

 

    II

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна4 глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар5
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары6, хат амшалых7, як мар,
Хат з сям’ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы8 раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма9.

 

    III

Раз бяседа10 вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі11:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў12, саетаў13!..

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра14-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

 

    IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, —
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары15, чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня16 вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

 

    V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната17.

Невыдумная світка18 — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б’ецца ад струн па сцюдзёных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь19, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.

 

    VI

— Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, —
Князь умее плаціць незвычайна!

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў20;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
І я сам, як і ты, так табе запяю…
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

 

    VII

«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п’яныя шумы.

Скурганіў21 бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б’е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы.

 

    VIII

Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:
Сарачні22 там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі23 свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.

Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —
Гэта цертая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.

 

    IX

Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, —
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
Гэта слезы нядолі сірочай.

Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, —
Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта — сэрцаў скамененых пламень.

Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п’яце асалоду, —
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела…
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».

 

    X

Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б’е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў…
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лескатам выбегла рэха.

— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваей княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай24.

Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў,

Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

 

    XI

Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.
Гуслі разам яго самагуды:
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні25 шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі26 яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ен з той пары — да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.

 

    XII

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.

1. У нябы́т — у забыццё.
2. Удзірване́лы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.
3. Пілі́паўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.
4. Ду́мна — горда.
5. Абша́р — прастор.
6. Сонных вёсак шары́ — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.
7. Амша́лых — пакрытых мохам.
8. Модлы — малітвы.
9. Пакрыёма — употай.
10. Бясе́да — застолле.
11. Садзі́ць на паса́д — выдаваць замуж.
12. Брылья́нт — каштоўны камень.
13. Сае́та — багатае адзенне з атласу і шоўку.
14. Гусля́р — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.
15. Ясака́р — таполя.
16. Ка́ня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.
17. Магна́т — памешчык, буйны землеўладальнік.
18. Сві́тка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.
19. Лунь — ястраб-мышалоў, у якога белае (светла-шэрае) апярэнне.
20. Дука́т — старажытная манета, сярэбраная, пазней залатая.
21. Скургані́ў — загубіў, умярцвіў.
22. Сарачні́ сох — сорак саракоў — вельмі многа.
23. Лёхі — склепы, падземныя памяшканні, сховішчы.
24. Це́мра сярмя́жная — зняважлівая клічка бедных, непісьменных сялян, якія насілі даматканыя сярмягі (світкі).
25. Са́жань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.
26. Дамоўка — труна.

 

 

Адказы на пытанні:

  1. Паэма Янкі Купалы "Курган" нікога не можа пакінуць раўнадушным. Талент і смеласць гусляра захоплівае з першых хвілін чытання, галоўны герой выклікае пачуццё захаплення, павагі. Паэма падобна да падання, гучыць як песня і ад гэтага лёгка ўспрымаецца.
 Найбольшы душэўны пад’ём паэта гучыць у радках:

Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, –
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

 2. Гусляр у паэме падаецца, як асаблівая, незвычайная асоба, моцнага характару, адкрытай душой. Аўтар надзяляе яго наступнымі рысамі:
таленавітасць:

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала…

пачуццё годнасці:

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу…

свабодалюбства:

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, –
Ім пакорны я толькі с гуслямі…

непадкупнасць:

Скурганіў бы душу чырвонцам тваім я…

мужнасць:

Гуслям, княжа, не пішуць законаў…

любоў да свайго народа:

Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае:
Сарачні там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

самаахвярнасць:

Ну што, княжа, пара даць за песню мне дар!

 3. Сіла музыкі гусляра – незвычайная, нават казачная:

Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

 Яна аднолькава моцна ўздейнічала і на чалавека:

Кажуць, тольк як выйдзе і ўдарыць як ён
Пас трунах з неадступнаю песняй, –
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць яскары, чарэсні.

 І на жывёлу:

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;

 І навакольны свет:

Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

 Песня гусляра здольна на цуды:

Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

 У творы Максіма Багдановіча "Музыка" таксама ідзе аповед пра таленавітага чалавека, гранне якога абуджала людзей, суцяшала боль, чалавека, які сваёй музыкай не баяўся казаць праўды. Сіла ўздзеяння таленту на людзей і звяроў аб’ядноўвае гусляра Купалы і музыку Багдановіча. Як і гусляра яго спасцігнуў цяжкі лёс. Як і гусляра, народ увекавечыў памяць таленавітага музыкі ў сваіх песнях, казках, аповедах, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

 4. Каб перадаць моц уражання ад песні гусляра, Янка Купала ўжывае адпаведную інтанацыю – яна ўзнёслая, напеўная, лірычная.
 Акрамя гэтага аўтар выкарыстоўвае падвоеныя назоўнікі-азначэнні (звон-песня, дудара-званара, гуслі-баі, памяткі-пліты, шлюб-вяселле і г. д. ). Гэтыя азначэнні дапамагаюць вобразна ахарактарызаваць прадмет, даць яму ацэнку.
 Шырока карыстаецца аўтар і гукаперайманнем – спосаб гукавой імітацыі прадметаў ці з’яў. Напрыклад, шум лесу перададзены ў радках:

Пушча-лес не шуміць…
Салавей-птушка ў той час сціхае

  Звон гусляў, песні:

Песня-дума за сэрца хапала:
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

 5. Якімі мастацкімі сродкамі перадаецца напружанасць інтанацыі ў песні гусляра?

Ужыванне звароткаў:
"Гэй ты, князь!.."

Пытальныя сказы:
"Дзе і як жывуць гэтыя людзі?"

Параўнанні:
"Сэрца маеш, як гэты цагляны парог
І душу – як скляпоў гэтых сховы"

Паўторы:
"Кроў, на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа"

Супрацьпастаўленні:
"Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк –
Гэта цёртая сталь ад кайданаў"

Метафары:
"Не скуеш толькі дум ланцугамі", "чэрві точаць жывых і раздзетых"

Эпітэты:
П’яныя шумы, сэрцаў скамянелых, няўчасных магіл.

 6. Уздзеянне ад песні гусляра князем і яго чэляддзю перададзена ў наступных радках:

Князь стаіць, князь маўчыць,
жуда, помста б’е з воч…

Гулі зглухлі, ні жартаў, ні смехаў…

Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй на ўзбоч,
Толькі з лёскатам выбегла рэха.

 Паэт такім чынам паказвае сілу і веліч мастацтва, прызначэнне якога гаварыць праўду аб жыцці свайго народа і выклікаць водгук у сэрцах людзей.
 Паводзіны гасцей, іх успрыманне песні аўтар перадае праз рух пачуццяў і змену настрояў на вяселлі княжны (вяселле загуло – змоўкла – загуло).

 7. Самы драматычны момант паэмы адлюстраваны ў эпізодзе, калі гусляр, праспяваў сваю песню і стаіць перад раз’юшаным князем, чакаючы прысуду.

 8. У другой частцы паэмы знаходзім радкі:

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы храм стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям’ёй душ падданых, пакорных.

 Жыццё сялян было цяжкім і занядбаным, гэта адчуваецца па іх пакрытых мохам, цёмных хатах, яны рэзка кантрастуюць з княжым хорамам: белым, непрыступным, грозным.
 Золата ў панскім палацы, здабыта чалавечай крывёю. Кошт атласаў і шоўку – страшнае катаванне людзей, яны нагадваюць пра кайданы і вісельні. За смачную ежу і віно, якое ліецца ракою, заплочана слязьмі сірот. Сам прыгожы палац пабудаваны непасільнай працай, якая многіх звяла ў магілу, таму цэгла і камень нагадваюць "памяткі-пліты з няўчасных магіл Усё багацце князя створана цяжкай працай прыгонных; яго багатае жыццё кантрастуе жабрацкаму існаванню беднаты.

 9. Стары гусляр мужны, справядлівы таленавіты чалавек, не пабаяўся сказаць праўду аб жыцці князя яму ў вочы. Ён сваім учынкам падкрэсліў, што сапраўднае жывое народнае мастацтва нельга купіць за дукаты. Мастацтва слова, праўдная песня не купляецца. Таму гусляр кажа:

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна…

 Гэта значыць, што ён не прадае свой талент, сваё мастацтва за грошы. Галоўным багаццем для гусляра з’яўляецца служэнне свайму народу. Такі адказ яшчэ раз падкрэслівае непадкупнасць таленту мастака.

 10. У сваім творы аўтар не толькі ўзгадвае падзеі далёкага мінулага, у форму песні гусляра ён уклаў глыбокі іншасказальны сэнс. Гэта роздум пісьменніка над лёсам народа, лёсам мастака і мастацтва, а таксама ўздзеянне словам.

 11. У якасці загалоўка да мастацкага палатна П. В. Шаранговіча да паэмы "Курган" падыходзяць радкі:

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я,
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна…"

 12. Паэму патрэбна чытаць узнёсла-трагічным тонам, спеўна, меладычна.

 13. С. А. Андруховіч стварыў вельмі прыгожы і яркі партрэт народнага паэта Янкі Купалы. Пісьменнік вольна сядзіць, абапёршыся рукою на невялікі столік. Асабліва прываблівае ў партрэце погляд песняра – у яго добрыя, усмешлівыя вочы, уважлівы погляд. Ён быццам зазірае ў душу. Такому чалавеку хочацца верыць.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений