Чуць толькі купальскае свята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей…
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
…Сава пяе песню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, –
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
Тых радасцю вочы смяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б’юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сцікаецца гэты і той –
Тыц – стой!.. Глядзяць зорніцы-сведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле –
Ні ночкі купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле…
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне – рагоча,
Крыламі кажан шапаціць…
След костачкі сцелюць – услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі купалле,
Мільёны па кветку бягуць!..