Пачужэлы прыехаў у госці,
А малым сюды бег – дадому,
I хукала старая хата
На мае азалелыя пальцы,
Расцірала збялелыя вушы
I, за стол мяне пасадзіўшы,
Усміхалася добрымі вокнамі.
Не, яшчэ не забыўся я, хата,
Як любіла ты лашчыцца печкай,
Дзе грэліся бабчыны казкі,
Дзе за комінам сны хаваліся
У валёнках калматых бацькавых, –
Яны пахлі апілкамі, лесам…
Тут жа грэлася маці з марозу
Перад тым, як мяне ўзяць на рукі.
Я вясёлыя дні твае помню,
Калі цяжка было загнету
Ад каструль, чыгункоў пузатых,
Калі радасна печка смяялася
Сваім шчырым старэчым ротам;
А калі яна хлеб ружавіла –
На пах адусюль зляталіся
Сарокі да нашага коміна.
А было ў цябе і такое,
Калі пахла ты бульбай гнілою,
Калі стравы былі з крапівы ўсе –
Не стрыкае пякучка ў голад!
Калі печ вінавата глядзела,
Халоднай закрыўшыся засланкай,
Калі міскі і лыжкі маўчалі,
Хоць чакалі мы іхняга звону.
Я цябе і заплаканай помню,
Калі бацька з табою на ростань
Падаваў нам звязаныя рукі,
Што, як крылы, ў вяроўках біліся…
Паніжэла вянцоў ты на пару,
Пастарэла гадоў на дзесятак
I, вуглы ў кулакі сашчапіўшы,
Пагражала вінтоўкам чужацкім.
Я цябе не сустрэў, мая хата,
А мяне прывітала тут новая,
Са страхою, заломленай горда,
Са сцяною – наўсцяж у вокнах,
Нават з люстрай замест газоўкі
I са столлю – свежым жаўточкам.
На якой не лічыў я дошак
I не знаю сучка ніводнага.
Тут схаваны пляменнікаў казкі.
Тут дурэюць іхнія гульні…
Не крыўдуй, мая родная хата,
Якая была маёй нянькаю,
Якая была мне калыскай,
Што сюды я прыйшоў, як дадому,
Хоць прыехаў толькі у госці…
Гэй, пасуньцеся, успаміны,–
Дай жа месца ў сваім застоллі,
Новая хата!
Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.