Ну што, Беларусь, у цябе за сыны? –
Хто быў паштаром,
Плугаром
Ці падпаскам,
Як толькі праб’ецца хоць трохі ў чыны,
Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.
Ад хлева вясковага вернуць лычы,
Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай
I матчыну мову гатовы лічыць
I "беднай",
I "хамскай"
I проста "мужычай".
Не лезе у вушы ім даўні назоў,
Псуецца настрой ад бабуліных строяў.
Зусім ім не трэба
Ні нашых князёў,
Ні нашых прарокаў,
Ні нашых герояў.
Хоць ты з іх і крыжык нацельны здымі,
Ніхто перад крыўдай тваёй не заплача…
Ну што тут паробіш –
У кожнай сям’і
I з сынам часамі бывае няўдача.
Ну што ж,
Калі нехта гатоў і чалму
Надзець,
Каб на месцы сваім утрымацца,
Адно толькі сэрца сціскае:
Чаму,
Чаму іх так многа ў цябе,
Мая Маці?..
Крыніца: Бураўкін Г. Паміж зоркай і свечкай. – Мінск: Бацькаўшчына, 2000. – 160 с.