Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Добра зімовым вечарам пасядзець каля грубкі. Гудзе, пагрозліва страляе іскрамі агонь – усё яму дроў мала. У мяне й самога рукі свярбяць падкарміць ненажэру бярозавым паленам, але баба Анюта тут як тут. Прыструніла чырвонае вуголле жалезным шуфлікам і кажа нам абодвум – мне і агню:
– Хопіць на сёння, а то печка пусціцца ў скокі.
Паглядзеў я на грубку, а на ёй і праўда дзве кафліны пунсавеюць, быццам шчокі ў дзяўчыны-прыгажуні. Лепей да іх не прытуляцца. Селі вячэраць. Я прыляпіўся на адным краёчку лавы, гаспадыня – на другім, а паміж намі ўладкаваўся кот Рыжык. На стале, на драўляным кружку, чыгунок з бульбаю стаіць, каля яго – міска з салёнымі агуркамі. I якраз насупраць мяне талерка з колцам падсмажанай каўбаскі. Пах на ўсю хату, аж у носе казыча. Пара з чыгунка слупам у столь упіраецца. Такой смачнай бульбы я ніколі яшчэ не еў. Сама ў рот скача. Ад крамяных агуркоў быццам зубы ў роце растуць. Во як! Адно кепска: Рыжык пакрыўдзіўся, зусім на стол не глядзіць. Не там талерку з каўбасою бабуля паставіла. Каб улагодзіць сябрука, я паклаў перад ім на лаву бульбіну. Кот адсунуўся ад пачастунка, незадаволена правуркатаў: «Гар-р-рачая…»
Сорамна мне стала, падчапіў я відэльцам скурку ад каўбасы ды проста ў лапы Рыжыку. А ён як выгне спіну дугою, як натапырыць вусы і давай выгаворваць мне: «М-м-мала, м-м-мала…» Зусім як у казцы.
Дагадзіла кату баба Анюта. Толькі ўзялася за анучу – яго як ветрам здзьмула з лавы.
Позна, аж за поўнач, заседзеліся мы з гаспадыняю хаты. Усмак павячэралі, доўга гутарылі. Я даведаўся, што бабулін дзед Зміцер быў лесніком, цяпер на пенсіі. Учора паехаў у горад да ўнукаў гасцяваць. А яны як завітаюць улетку сюды – хата нібы вулей гудзе.
Слухаў я бабу Анюту, слухаў, а ў самога вочы зліпаюцца, быццам вейкі хто мёдам намазаў.
– Каб не праспаць нам заўтра! – занепакоіўся я. – Не забудзьцеся будзільнік паставіць.
– Не турбуйся, чалавеча, – усміхнулася гаспадыня. – Ёсць у мяне варта, якая не дасць бакі адляжаць.
– Што за варта? – здзівіўся я. – Дзе яна?
– От пасцялю, тады і раскажу, – загадкава сказала баба Анюта і падхапілася з-за стала.
Неўзабаве я залез пад цёплую коўдру, прытуліўся шчакою да мяккай падушкі.
– Заплюшчы вочы і слухай, – прысела каля мяне бабуля. – Найпершы мой вартавы – з вялікім чырвоным грэбенем, быццам з сякераю. Як закрычыць – глухі пачуе: «Ку-ка-рэ-ку-у! Засяку-у-у!..»
Страшна – аж мурашкі па спіне паўзуць. А тут яшчэ хтосьці голасна так пытаецца: «Го-го-го! Ка-го? Ка-го?»
Палахлівыя авечкі хутчэй у адзін гурт збегліся ды мацней адна за адну: «Бе-е-е! Не мя-не-е! Не мя-не-е-е!..»
А маленькае цялятка са свайго кутка жаласліва: «Ме-е-е! Мяне-е-е!»
Тут як тут суддзі знайшліся: «Кра-кра-кра… Так-так-так!»
I папраўдзе, падумаў я, хіба будзеш спаць, пачуўшы ўсё гэта?! Расплюшчыў вочы, падняў галаву, а ўжо, аказваецца, раніца наступіла. Чуваць, як баба Анюта на кухні каля печы завіхаецца, з Рыжыкам размаўляе. Вучыць, каб не назаляў мне, калі я буду акунькоў на возеры з-пад лёду сцёбаць.
Апрануўся я хуценька і давай пасабляць па гаспадарцы ўпраўляцца. Найперш курам, гусям і качкам цеста занёс, потым цялятку і авечкам сена ўкінуў. З усімі пасябраваў. Толькі з начальнікам бабулінай варты мы не паразумеліся. ён пры мне да цеста нават не дакрануўся. Напэўна, баяўся з галавы вялікі чырвоны грэбень – сваю баявую сякеру – згубіць.