Уладзімір Ягоўдзік — Задзіра

Уладзімір Ягоўдзік

Звярніце ўвагу! Поўны змест.
 
  Паслугаваў я бабулінай жыўнасці і вяртаюся ў хату. Іду па надворку, раптам чую – хтосьці тупаціць. Ды так моцна, аж зямля, здаецца, дрыжыць. Спыніўся я, азірнуўся назад. Вось дык дзіва! Непадалёку начальнік бабулінай варты стаіць. Галаву з баявой сякерай да зямлі нагнуў, крылы ўбакі растапырыў. Замер і не варухнецца. Толькі зіркае нядобра жоўтым вокам. Узяла мяне цікавасць: дай пагляджу, што далей будзе.
  Павярнуўся і смела прастую да ганка. Не паспеў ступіць і пяць крокаў, як за спінаю зноў пачуўся тупат. Нават яшчэ мацнейшы, чым спачатку. Хочаш не хочаш – спынішся. Гляджу – певень таксама спыніўся. Дзюба адкрыта, грэбень ваяўніча тырчыць. Задзіра, дый годзе.
  – Ты што, у даганялкі гуляеш? – спытаўся я ў певуна.
  Паказаў я начальніку варты язык, а сам – бокам, бокам – паціху падабраўся бліжэй да ганка. Адным вокам наперад гляджу, другім назад цікую. Даганяты мой мігам скеміў, што я заняў абарону. Следам бяжыць, быццам шабляй, крылом па зямлі шаргаціць. Добра, хоць у бойку пакуль не кідаецца.
  Да хаты было ўжо блізка. Абрыдла мне сунуцца нібы са звязанымі нагамі. Сорамна стала: знайшоў каго баяцца. Прызнайся людзям – на смех паднімуць.
  – Акыш! – прытупнуў я на Задзіру.
  I рашуча павярнуўся да яго спінаю. Няхай паспрабуе зачапіць. Да апошняй пярыны хвост выскубу.
  А вось што далей было, лепш не ўспамінаць. Але мушу, як кажуць, з песні слова не выкінеш. Толькі ступіў на ганак – атрымаў кухталя ў плечы. Я хутчэй да дзвярэй. А Задзіра – фы-р-р! – мне на карак. I дзяўбе, паганец, дзяўбе ў патыліцу, як долатам якім. Тут ужо не да жарцікаў. Паспрабаваў я стрэсьці з сябе нахабу. Дудкі! Шапку згубіў, а ён як сядзеў на мне, так і сядзіць. Адзін ратунак – схавацца ў хату. Я за клямку. I так, сяк яе тузаю – на ўсю вуліцу звініць. А дзверы не адчыняюцца. Танцую па ганку з пеўнем на галаве – ніяк не магу ад злыдня збавіцца.
  Не ведаю, як усё абярнулася б, каб не баба Анюта. Вылецела з хаты, пляснула рукамі:
  – Авой! I зноў ты сядзіш у госця на галаве!
  Не надта мяне суцешыла навіна, што я не першая Задзірава ахвяра. Добра, што ў сенях каля парога венік стаяў. Схапіла гаспадыня дзяркач і давай частаваць начальніка варты. Усыпала яму пад завязку. I мне дасталася па спіне. Я не пакрыўдзіўся. Нездарма людзі кажуць: як топішся, за саломінку схопішся.
  З таго дня я ўжо не паказваўся на надворак без веніка ў руцэ.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений