У нас сваіх хапае слоў
Крамяных,
росных,
васільковых
Ад мурагоў і ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваіх
(Іх пазычаць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбіні улетку неба.
Сваіх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
І заклікаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такіх
Чысцюткіх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку і каханне.
Хапае слоў і гаманкіх,
І мяккіх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.
У нас хапае рэдкіх слоў,
І палюбі ты іх бязмежна.
Яны ад чысціні снягоў
І ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралі звон крыніц,
Шум лесу і дыханне ночы…
Ад ліўняў і ад навальніц –
Грымяць, іскрацца і шапочуць.
Журыцца ўмеюць і звінець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Іх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.